У Літве з цягніка знялі расейскі вайсковы атрад у цывільным


Прадстаўнік па сувязях з грамадскасцю Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс паведаміў, што на літоўскай кантрольным памежным пункце ў Кібартай 1 чэрвеня ўвечары быў затрыманы «расейскі вайсковы атрад».

Як піша Delfi, каля 21.00. памежнікі правяралі ў Кібартай транзітны цягнік Калінінград-Масква, які заязджае ў Літву з Калінінградскай вобласці.

Разам з памежнікамі цягнік правяраў і вайсковец Цэнтру кантролю над перамяшчэннем літоўскага войска.

«Пры праверцы дакументаў высветлілася, што ў адным купэ знаходзяцца чацвёра расейскіх вайскоўцаў у цывільным адзенні», – паведаміў Мішуціс.

З дакументаў стала ясна, што гэта расейскія ваенныя, хоць яны самі гэта не паказалі. Паводле Мішуціса, калі едзе група вайскоўцаў з чатырох і больш чалавек транзітам праз Літву, яны лічацца вайсковым атрадам, таму для іх патрабуецца дазвол на праезд праз Літву. Такога дазволу ў расейскіх вайскоўцаў не было.

«Яны былі знятыя з цягніка, памежнікі напісалі адмову ў дазволе перасекчы дзяржмяжу», – паведаміў Мішуціс.

Да паўночы расейскіх вайскоўцаў вярнулі на іншым цягніку ў Калінінградскую вобласць.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў