У Літве могуць увесці штраф за георгіеўскую стужку


У Сейм Літвы ўнесены законапраект, які прадугледжвае штраф памерам да 300 еўра за выкарыстанне георгіеўскай стужкі.

«Цалкам відавочна, што гэты знак на працягу некалькіх гадоў стаў сімвалам расейскага імперыялізму» – сказаў адзін з аўтараў законапраекта Лаўрынас Кашчунас.

Дэпутат лічыць, што гэты сімвал нясе нянавісць і разлад, таму яго выкарыстанне трэба абмежаваць, як гэта было зроблена з нацысцкай і савецкай сімволікай. Аўтары праекту таксама зазначаюць, што нягледзячы на тое, што сапраўднае прызначэнне Георгіеўскай стужкі – нагадваць пра перамогу Савецкага Саюзу над фашысцкай Германіяй і шанаваць удзельнікаў вайны, Літве няма чаго святкаваць, таму што заканчэнне вайны прынесла ёй 50 гадоў савецкай акупацыі.

Паводле праекту за выкарыстанне або распаўсюд стужкі прадугледжаны штраф памерам ад 150 да 300 еўра. Да разгляду праекту Сейм вернецца на восеньскай сесіі.

Нагадаем, што з 2008 году ў Літве дзейнічае забарона на савецкую і нацысцкую сімволіку.

ГА, belsat.eu паводле Delfi

Глядзі таксама
Каментары