У Латвіі заблакавалі «Yandex.Taxi». Прычына банальная


Латвійская Дырэкцыя аўтатранспарту паведаміла, што цягам бліжэйшых дзён у краіне будзе заблакаваны сэрвіс «Yandex.Taxi». Пастаўшчык транспартных паслугаў не прайшоў рэгістрацыю.

З 22 студзеня Латвія абавязала ўсіх пастаўшчыкоў паслугаў аўтатранспарту, якія можна замовіць і аплаціць праз інтэрнэт, прайсці адмысловую рэгістрацыю ў Дырэкцыі аўтатранспарту. Пакуль такую рэгістрацыю мае толькі эстонскі сэрвіс таксі «Bolt».

«Yandex.Taxi» працягвае аказваць паслугі, нягледзячы на ​​адсутнасць рэгістрацыі. Дырэкцыя звярнулася да аператараў сувязі з просьбаю заблакаваць сэрвіс, паведамляе латвійскае ведамства. Пасля рэгістрацыі «Yandex.Taxi» можа працягнуць працу ў Латвіі.

Латвія вырашыла рэгістраваць сэрвісы таксі, каб зменшыць ценявы сектар перавозак пасажыраў. Пасажыр павінен мець магчымасць праверыць ці кіроўца, які займаецца камерцыйнымі перавозкамі, занесены ў рэестр таксістаў. На дадзены момант у латвійскім рэестры таксістаў 7233 кіроўцы, а колькасць аўто з адпаведнай ліцэнзіяй у пяць разоў меншая.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў