У Кыргызстане крадуць нявестаў. Па-сапраўднаму


Дзяўчат літаральна прымушаюць да шлюбу, нярэдка ломячы ім жыццё. Традыцыя пужае замежных турыстаў: мясцовыя жаніхі не супраць узяць у жонкі такім чынам і іншаземку.

«Нявеста будзе кусацца, брыкацца, крычаць «я буду скардзіцца ў абкам», але вы не звяртайце ўвагі: гэта старадаўні прыгожы звычай», – казаў герой «Кавказской пленницы». Праўда ў тым, што прыгожым гэты старадаўні звычай выглядае толькі ў кіно. У жыцці за выкраданнем нявесты хаваюцца боль, запалохванне і часта гвалт. У Кыргызстане маладую дзяўчыну могуць выкрасці сярод белага дня.

«На фабрыцы, дзе я працавала, людзі сказалі, што кагосьці выкрадуць, бо на вуліцы была група хлопцаў. Раптам зайшлі двое, аднаго з іх я ведала з дзяцінства. Яны выцягнулі мяне і пасадзілі ў машыну. Па дарозе я плакала, молячы іх, адпусціць мяне», – кажа Анара, якая перажыла выкраданне.

Улады імкнуцца змагацца са з’явай. Аднак нізкі сацыяльны ўзровень, беднасць і страх, «што высмеюць» уплываюць на рашэнне дзяўчыны не распавядаць аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да яе. Што праўда, мясцовыя праваахоўнікі паведамляюць пра рост колькасці заяваў.

«Паводле артыкулу 155, «прымус жанчыны да шлюбу, што цягне за сабой выкраданне», летась было расследавана 30 і распачата 25 крымінальных справаў, што сведчыць пра тое, што гэтыя злачынствы ўжо перасталі быць утоенымі. Цяпер людзі давяраюць паліцыі і праваахоўным органам», – заявіла прадстаўніца МУС Кыргызстану Асель Асмонава.

Зрэшты, паліцыя не заўсёды выконвае свае функцыі адпаведным чынам. Мясцовая прэса нядаўна апублікавала гісторыю грамадзянкі Польшчы Агнешкі Квецень, якую скралі ў Кыргызстане мясцовыя «жаніхі». Дзяўчыне ўдалося збегчы, але ў міліцыі, яе папракнулі ў тым, што сваім выглядам яна сама «справакавала выкраданне».

«Нават калі я прыехала на ўчастак заплаканая, у істэрыцы, міліцыянт жартаваў: «Дык ты не хочаш замуж выйсці?». А другі сказаў: «Яны схапілі цябе, таму што ты прыгожая». І яшчэ сказалі: «Калі носіш сукенкі пэўнай даўжыні, ты правакуеш іх сама», – кажа Агнешка.

Кыргызстан актыўна развівае турызм. Летась краіну з насельніцтвам 6 млн чалавек наведала амаль 4 млн турыстаў. Для 44 краін далёкага замежжа існуе бязвізавы рэжым тэрмінам да 60 дзён. Але па ранейшаму вялікая частка турыстаў – гэта грамадзяне Казахстана і Расеі.

«Вядома, ёсць праблемы з інфраструктурай, дарогамі, грамадскімі туалетамі, нізкай якасцю турыстычных паслуг у рэгіёнах. У некаторых месцах ёсць пэўныя праблемы з бяспекай», – прызнаецца Азамат Жаманкулаў з Дэпартаменту турызму Кыргызстану.

За прымусовы шлюб заканадаўства Кыргызстану прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў. Нягледзячы на гэта, выкраданне нявест, нярэдка непаўналетніх, працягваецца.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch у Кыргызстане прыкладна 12% дзяўчынак выходзяць замуж да 18 гадоў і 1 % – да 15 гадоў. Многія з іх – ахвяры выкрадання. Шлюб з непаўналетняй – у краіне незаконны, таму падобныя выпадкі проста не рэгіструюцца.

Ігар Віняўскі; фота вокладкі – Вячаслаў Асяледка/ AFP / Getty Images

Стужка навінаў