У Кыргызстане асудзілі адразу двух былых прэм'ер-міністраў


Былы прэм’ер Кыргызстану Сапар Ісакаў.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

У Свярдлоўскім раённым судзе Бішкеку скончыўся працэс у гучнай крымінальнай справе аб мадэрнізацыі сталічнай ЦЭЦ. Пра гэта паведамляе 24.kg.

У межах справы былога прэмʼер-міністра Кыргызстану Сапара Ісакава, які займаў сваю пасаду ў 2017-2018 гадах, 6 снежня прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ён, паводле абвінавачвання, загадзя ведаў, што прапанова мадэрнізацыі ЦЭЦ не адказвала інтарэсам краіны з прычыны завышанай цэны, тэхнічных і тэхналагічных недахопаў.

Яшчэ аднаго прэмʼер-міністра Жантаро Сатыбалдзіева, які ўзначальваў урад у 2012-2014 гадах, прысудзілі да 7,5 года пазбаўлення волі.

Hавiны
Недатыкальнасць і «ганаровае ўтрыманне». Як жывуць былыя прэзідэнты ў іншых краінах
2019.11.28 15:44

Былога міністра энергетыкі Асманбека Артыкбаева суд прыгаварыў да штрафу ў 5 млн сомаў ($ 71,5 тыс.), былога міністра фінансаў Вольгу Лаўрову – 3 млн сомаў ($ 43 тыс.).

Таксама былі асуджаныя былы кіраўнік Нацыянальнага энергахолдынгу Айбек Каліеў (на 15 гадоў), былы генеральны дырэктар ААТ «Электрычныя станцыі» Салайдзін Авазаў (11 гадоў і 3 месяцы) ды іншыя.

Справа аб карупцыі пры мадэрнізацыі Бішкекскай ЦЭЦ была ўзбуджаная ў студзені 2018 года. Яна датычыць кітайскага крэдыту ў памеры $ 386 млн. Усім фігурантам былі выстаўленыя абвінавачванні па фактах злоўжывання службовым становішчам і карупцыі. Іх вінавацілі ў нанясенні шкоды дзяржаве ў памеры $ 111 млн пры заключэнні кантракту з кітайскай кампаніяй.

Аб’ектыў
Каля двух тысяч сілавікоў затрымлівалі экс-прэзідэнта Кыргызстану Алмазбека Атамбаева
2019.08.08 21:57

15 жніўня 2019 года Ваенная пракуратура выставіла абвінавачванне ў карупцыі пры мадэрнізацыі сталічнай электрацэнтралі былому прэзідэнту краіны Алмазбеку Атамбаеву.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў