У Кыргызстане адкрылі Гульні качэўнікаў. Беларусы - традыцыйныя ўдзельнікі


На беразе возера Ісык-Куль у Кыргызстане сабраліся тысячы аматараў традыцыйных відаў спорту. У нядзелю ўвечары тут адбылося адкрыццё III Сусветных гульняў качэўнікаў.

На спаборніцтвы ў курортным горадзе Чалпон-Ата сабралася амаль 2 тыс. спартоўцаў з 66 краінаў свету і 11 суб’ектаў РФ. Яны будуць змагацца паміж сабой у відах спорту, якія паўсталі ў гарах і стэпях Сярэдняй Азіі. У праграме, напрыклад, ёсць «Көк бөрү» – даўняя папулярная конна-спартовая гульня сярод кыргызаў і іншых народаў. Коннікі змагаюцца за тушу казла – неабходна не толькі завалодаць ёю, але і ўтрымаць, а затым закінуць у «тайказан» (вароты) каманды суперніка. Яшчэ адзін са шматлікіх спортаў Гульняў – «Салбуурун». Удзельнікі палююць з сокалам і беркутам – такое паляванне традыцыйнае для кыргызкага народу.

Прома-відэа Гульняў

Акрамя непасрэдна спаборніцтваў будуць майстар-класы, паказы, выставы і канцэрты. Каб зарганізаваць фестываль, паставілі каля тысячы кыргызскіх юрт.

Прамоцыя краіны ў стылі этна

Гульні – гэта спартовы праект, мэта якога прамаваць Кыргызстан у свеце. Менавіта таму цырымонію адкрыцця ў вёсцы Бактуу-Долоноту правялі амаль з алімпійскім размахам.

Цырымонія адкрыцця III Сусветных гульняў качэўнікаў. Фота worldnomadgames.com

На чэмпіянат запрашаюць і VIP-асобаў – сёлета гасцямі кыргызтанскага прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава сталі прэзідэнт Казахстану Нурсултана Назарбаева, прэзідэнт Турцыі Рэджэпа Эрдагана, прэм’ер Вугоршчыны Віктара Орбана, прэзідэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў, прадстаўнік ААЭ, эмір Эль-Фуджайры Хамад бін Мухамад аш-Шаркі.

Два гады таму Гульні адкрываў вядомы амерыканскі актор Стывен Сігал, які перад паездкай у Кыргызстан наведаў і Беларусь.

Беларусь – сталы ўдзельнік Гульняў качэўнікаў

Каманда з нашай краіны бярэ ўдзел у Гульнях ад самага пачатку – да гэтага яны праводзіліся ў 2014 і 2016 гадах. Беларусь запрасіў узяць удзел у спаборніцтвах амбасадар Кыргызстану ў Менску Кубанычбек Амураліеў, калі сустракаўся з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. Прадстаўнікі нашай краіны пазмагаюцца за ўзнагароды ў традыцыйных відах дужання – алыш, гореш, пахлавані, а таксама куресі.

Сусветныя гульні качэўнікаў праводзяцца пад патранатам ЮНЕСКО.

pj/НМ, belsat.eu

Стужка навінаў