У Кузбасе рэзка павялічылася колькасць беларускіх мігрантаў


Усё больш грамадзянаў Рэспублікі Беларусь прыязджае ў Кемераўскую вобласць Расеі. З большага беларусы прыязджаюць у Кузбас на заробкі. За апошнія 4 гады колькасць працоўных мігрантаў тут павялічылася ў 6 разоў.

Паводле дадзеных аддзелу дазволава-візавай працы Упраўлення па пытаннях міграцыі ГУ МУС Расеі па Кемераўскай вобласці, у перыяд з 2014 па 2017 год колькасць пастаўленых у першы раз на міграцыйны ўлік беларускіх грамадзянаў складала адпаведна: 415, 398, 374 і 422 асобы. А цягам 9 месяцаў 2018 года на тэрыторыі Кузбаса ўжо зарэгістравалася 658 беларусаў. Гэта значыць, на 236 асобаў больш, чым за ўвесь мінулы год.

Інфаграфіка Belsat.eu

«Пры гэтым павелічэнне адзначаецца па ўсім мэтам уезду, – распавядае супрацоўнік УФМС РФ па Кемераўскай вобласці Яўген Няўзораў. – Так, напрыклад, з мэтай турызму Кемераўскую вобласць у перыяд з 2014 па 2016 гады наведвалі ад 4 да 8 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, летась іх колькасць павялічылася да 17, а ў гэтым годзе – да 30».

Ад 2014 да 2016 гады для навучання ў Кузбас прыязджалі ўсяго 1-3 асобы, у 2017-м годзе наагул ніводнай, а ў гэтым годзе ўжо шэсць. Больш за ўсё павялічылася колькасць працоўных мігрантаў: адразу ў 3-6 разоў у параўнанні з папярэднімі гадамі. Напрыклад, з 2014 па 2017 гады ў Кузбасе рэгістравалася ад 33 да 76 беларусаў, а ў 2018-м ужо 198, адразу на 122 больш, чым за ўвесь мінулы год.

Магчыма, гэта звязана са з’яўленнем на тэрыторыі вобласці так званых «Беларускіх кірмашоў», што вандруюць з гораду ў горад з таварамі, якія заяўленыя як вырабленыя ў Беларусі: тэкстыль і харчы. Пры гэтым, варта адзначыць, што ад Менску да кузбаскай сталіцы – Кемерава – больш за 4300 кіламетраў, і везці так далёка харчы даволі рызыкоўна. Тым не менш на прылаўках кірмашоў заўсёды ў велізарным асартыменце каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, сыры і г.д.

Прадукцыя карыстаецца ў кузбасаўцаў добрым попытам, у тым ліку «за захаванне Дастаў». Ці працуюць у вулічных гандлёвых намётах менавіта грамадзяне Беларусі, са стоадсоткавай упэўненасцю адказаць немагчыма.

Крыху менш, але з адносным павелічэннем адзначаюць адмыслоўцы рост колькасці беларускіх грамадзянаў, што прыбылі ў Кемераўскую вобласць з прыватным візітам: са 145 асобаў у 2014 годзе да 221 у 2018-м. Яшчэ 203 грамадзяніна рэспублікі ў бягучым годзе прыязджалі ў вобласць з так званымі «іншымі мэтамі» (у 2017-м годзе – 132).

Чытайце таксама:

Раман Янчанка, belsat.eu

Стужка навінаў