У Курапатах знесеныя 70 крыжоў і затрыманыя 15 асобаў. Абноўлена


Ва ўрочышчы Курапаты знесеныя 70 крыжоў, якія летась былі ўсталяваныя прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Пад’езды да Курапатаў заблакаваныя працаўнікамі ДАІ. Акрамя таго, мемарыял ачапілі АМАПаўцы і не прапускаюць людзей, перадае карэспандэнт belsat.eu з месца падзеяў.

UPD: па стане на 21:00 вядома, што былі вызваленыя Піліп Шаўроў, Сабалеўскі Міхаіл, Валер Рабцаў, Валянціна Яроменак і Зміцер Дашкевіч. Міліцыянты склалі на іх пратаколы паводле арт. 17.1 (дробнае хуліганства) КааП (Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях) або 17.1 + непадпарадкаванне.

Затрыманыя сустаршыня БХД Павел Севярынец, палітык і грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, актывісты Валер Рабцаў, Філіп Шароў і Ніна Багінская. Праз некаторы час Ніну Багінскую вызвалілі.

За некалькі хвілінаў да затрымання сітуацыю ў Курапатах belsat.eu пракаментаваў Павел Севярынец:

«Крыжы вывозілі адразу ж экскаватарам. Прычым павалілі ўсе крыжы ўздоўж Заслаўскай шашы. Задзейнічана шмат агрэгатаў, пагрузчыкі, трактары, амкадоры», – распавёў палітык.

Пасля таго, як Павал Севярынец прыехаў у Курапаты, асобы ў цывільным перашкаджалі яму весці стрым у сацсетках. Пазней палітыка затрымалі АМАПаўцы.

Фота belsat.eu
Фота belsat.eu

Карэспандэнт «Белсату» паведамляе, што побач з Курапатамі ўсё болей супрацоўнікаў ДАІ і міліцыянтаў. Таксама вельмі шмат супрацоўнікаў у цывільным.

Фота belsat.eu
Урочышча Курапаты, 4 красавіка 2019 г. Фота belsat.eu
Блогер Эдуард Пальчыс. Фота belsat.eu
Затрыманыя палітыкі і абаронцы Курапатаў. Фота belsat.eu

Да ўрочышча пад’язджае ўсё болей будаўнічай тэхнікі. Драўляныя крыжы, якія стаялі паабапал дарогі, вырвалі ўсе ў тым ліку і тыя, што каля Экспабелу. Агулам знішчана каля 70 крыжоў. Уся тэрыторыя мемарыялу абцягнутая будаўнічай стужкай.

Здымачную групу ОНТ дапусцілі на месца будоўлі.

«Гэта глабальнае злачынства. Як лёгка чыноўнікі ўзялі і выканалі загад самага галоўнага злачынцы, гэта так званы прэзідэнт Лукашэнка. Ён сказаў, што яму гэтыя крыжы не падабаюцца і іх знеслі. Ніякага грамадскага абмеркавання не было», – лічыць актывістка Ганна Шапуцька.

Тэхніка пасля знішчэння і вывазу крыжоў, з’ехала з мемарыялу. Але нягледзячы на гэта, у Курапатах засталіся міліцыянты і ціхары ў цывільным.
Ніна Багінская. Фота belsat.eu

Актывісты ў сваю чаргу адзначаюць, што акрамя ўсяго іншага ўлады нанеслі істотны матэрыяльны ўрон. Крыжы, якія зруйнавалі, каштуюць каля 5,5 тысячаў долараў. А гэта тыя грошы, якія людзі збіралі з пенсіяў, стыпендыяў і заробкаў і ахвяравалі для Курапатаў. У такіх варунках актывісты,у прыватнасці Ганна Шапуцька, кажуць што будуць намагацца спагнаць грошы. Бо па-сутнасці, гэта крадзёж.

«Пры камуністах узрывалі цэрквы. Пры Лукашэнку – валяць крыжы ў Курапатах. Злодзеі ёсць злодзеямі ва ўсе часы», – пракаментавала падзеі ў Курапатах Наста Дашкевіч.

Hавiны
За размаляваныя фарбай помнікі ва ўрочышчы Курапаты следчыя распачалі крымінальную справу
2019.03.25 12:20

Напярэдадні ўлады распачалі ставіць плот вакол Курапатаў. Цягам 2 красавіка, размецілі і пазначалі перыметр мемарыялу для ўсталявання плоту з дапамогай калоў з аранжавай фарбы. Газавікі таксама пазначылі месца праходжання газапроваду, каб пры ўсталяванні плоту не пашкодзіць яго.

СК belsat.eu

Стужка навінаў