У крымінальных справах за пратэсты супраць нерэгістрацыі Бабарыкі 13 фігурантаў

Затрыманні ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Менску працягваюцца, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Што вядома пра фігурантаў «справы 14 ліпеня» і ці прызнаюць іх палітвязнямі?

Па стане на 29 ліпеня праваабаронцы ведаюць, што ў межах крымінальных справаў затрыманыя прынамсі 13 чалавек. Крымінальныя справы распачатыя паводле артыкулаў 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) КК.

«Вясна» таксама публікуе спіс затрыманых:

  1. Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК),
  2. Уладзіслаў Усцін (арт. 364 КК),
  3. Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК),
  4. Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК),
  5. Спартак Сірэнка (арт. 342 КК),
  6. Ілля Туркоў (арт. 364 і ч.1 арт. 342 КК),
  7. Яўген Каліноўскі (папярэдне, арт. 364 КК і ч. 1 арт. 342 КК),
  8. Ілля Фрэнь (ч. 1 арт. 342 КК),
  9. Глеб Гатоўка (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).

Таксама праваабаронцам «Вясны» вядома, што затрыманыя яшчэ прынамсі чатыры чалавекі.

У справе пра 14 ліпеня 450 сведкаў. На яе кінутыя ўсе магчымыя следчыя

14 ліпеня ЦВК адмовіўся рэгістраваць у якасці кандыдатаў на прэзідэнта Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У тэлеграм-каналах пасля гэтага з’явіліся заклікі а 19-й выходзіць на галоўныя вуліцы беларускіх гарадоў, каб выказаць пратэст супраць дзеянняў улады. У адказ сілавікі часткова перакрылі рух у цэнтры Менску і распачалі масавыя адвольныя затрыманні людзей, што былі ў той час на вуліцах. Толькі ў Менску былі затрыманыя больш за 300 чалавек.

У некаторых кропках гораду жорсткія дзеянні міліцыі выклікалі супраціў з боку людзей, адбыліся сутычкі з АМАПаўцамі. МУС сцвярджае: 6 міліцыянтаў атрымалі пашкоджанні, чатыры з іх былі шпіталізаваныя.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй заяве адзначыла, што празмернае выкарыстанне сілы міліцыяй выклікала «бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў», аднак мітынгі ўсё роўна заставаліся ў асноўным мірнымі. Паводле праваабаронцаў, «любы, хто затрыманы проста за мірныя пратэсты ў Менску або іншых гарадах, з’яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены».

МГ belsat.eu

Hавiны