У Краснадары напалі на скандальныя «Атрады Пуціна»


Учора, 21 лістапада, двое невядомых уварваліся ў краснадарскі офіс скандальна вядомых «атрадаў Пуціна». Зламыснікі распылілі пярцовы газ у памяшканні і адкрылі стральбу з траўматычнай зброі. У выніку пацярпелі лідар пуціністаў Марат Дзінаеў, ягоная дачка Фаціма Дзінаева і актывіст руху Уладзіслаў Бабкоў.

Фаціма Дзінаева ўпэўненая, што ў яе страляць не сталі «праз гуманнасць», а паплечнікам дасталася «праз тое, што падтрымліваюць Пуціна». Таксама пуціністка перадала паветраны пацалунак і «вялікае прывітанне Дэпартаменту ўнутранай палітыкі». Скрыншот відэа youtube.com / Атрады Пуціна Soc Sprav

Пра гэта стала вядома з відэазапісаў, апублікаваных на YouTube-канале «Атрады Пуціна Soc Sprav». Напад адбыўся каля 12:00 паводле маскоўскага часу.

Пра гэта стала вядома з відэазапісаў, апублікаваных на YouTube-канале «Атрады Пуціна Soc Sprav». Напад адбыўся каля 12:00 гадзіны паводле маскоўскага часу.

«Толькі што прыйшлі два чалавекі. Я аднаго бачыла ў твар. Яны зайшлі і сказалі: «Перастаньце займацца тым, чым вы займаецеся». Мне балончыкам патрапілі проста ў твар […] Мы заяўляем у ФСБ адкрыты зварот: хтосьці тут, у Расеі, супраць таго, каб падтрымлівалі Пуціна. І гэта ўжо перастае быць проста жартам», – кажа дачка лідара «пуцінскіх бабуляў» Фаціма Дзінаева ў адным з відэа.

Пуціністы атакуюць

«Атрады Пуціна» вядомыя пагромамі рэгіянальнага штаба палітыка Аляксея Навальнага, акцыямі супраць стваральніка Telegram Паўла Дурава, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Скандальныя пенсіянеркі «працуюць» пад шыльдай дабрачыннага фонду «Сацыяльная справядлівасць».

У траўні 2018 году «Белсат» ужо распавядаў пра спробу адміністрацыі Краснадарскага краю зачыніць афіляваны з «Атрадамі Пуціна» фонд. Тады «пуцінскія бабулі» і Марат Дзінаеў абвясцілі галадоўку.

Сцяна ганьбы і кракадзілавы танец Трампа

Неўзабаве «Атрады Пуціна» заявілі пра спыненне дзейнасці, але працягнулі выкладваць скандальныя ролікі на сваім канале. Напрыклад, напярэдадні з’явілася відэа з танцам чалавека ў масцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Таксама перыядычна «пуцінскія бабулі» друкуюць папаўненне на так званай сцяне ганьбы. На ёй сярод іншых – Аляксей Навальны, Міхаіл Хадаркоўскі, журналістка Юлія Латыніна, галівудскі актор Морган Фрыман, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо.

«Атрады Пуціна» псуюць імідж… Пуціна

Нядаўна стала вядома пра чарговую спробу з боку рэгіянальных уладаў закрыць фонд «Сацыяльная справядлівасць». Відаць, мясцовыя ўрадоўцы не толькі не лічаць праект «Атрады Пуціна» карысным, але нават усведамляюць шкоду рэпутацыі кіраўніка дзяржавы ад дзейнасці ягоных заўзятых прыхільнікаў.

Карэспандэнт «Белсату» ў Краснадары Аляксандр Савельеў наведаў офіс скандальнага руху адразу пасля нападу. На момант візіту ў памяшканні знаходзіліся толькі дзве прадстаўніцы «Атрадаў Пуціна», якія паведамілі, што Марата і Фаціму Дзінаевых, а таксама актывіста Уладзіслава Бобку медыкі павезлі на машыне хуткай дапамогі. На падлозе было відаць плямы крыві. Гільзы, паводле словаў удзельніц руху, на той момант ужо сабралі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Раны за Пуціна

На запыт карэспандэнта «Белсату» паліцыя не дала ніякага каментара адносна нападу. Сеткавае выданне «Свободные Медиа» са спасылкай на прэсавую службу ГУ МУС па Краснадарскім краі паведамляе, што:

«Па факце канфліктнай сітуацыі ў адным з офісных памяшканняў гораду праводзіцца праверка».

На адным з відэазапісаў, апублікаваных на YouTube-канале руху, прадэманстраваныя гільзы, раскіданыя па офісе скандальных «Атрадаў» – на відэазапісы іх не менш за сем.

На другім відэа выразна відаць сляды кулявых раненняў. У тым, што адбылося, актывісты «Атрадаў Пуціна», на якіх напалі, вінавацяць Адміністрацыю і Дэпартамент унутранай палітыкі Краснадарскага краю.

У адным чоўне з апазіцыянерамі, журналістамі і актывістамі

У сувязі з тым, што апошнім часам на дабрачынны фонд «Сацыяльная справядлівасць» і рух «Атрады Пуціна» нападаюць рэгіянальныя ўлады, шмат хто ў Краснадары параўноўваюць тое, што адбылося, з аналагічнымі нападамі на прадстаўнікоў грамадскасці. У Краснадарскім краі збіццё няўгодных мясцовым уладам актывістаў сталася бадай што штодзённасцю. Пра падобны выпадак «Белсат» распавядаў: 28 снежня летась напалі на сябраў грамадскай арганізацыі «Экологическая вахта по Северному Кавказу», журналістку «Свободных медиа» Веру Халодную і карэспандэнта «Белсата» Аляксандра Савельева, якія вярталіся з грамадскай інспекцыі незаконнага будаўніцтва VIP-рэзідэнцыі на ўзбярэжжы Чорнага мора.

У траўні 2018 году невядомыя напалі на каардынатара руху ў абарону правоў выбаршчыкаў «Голос» Давіда Канкія. 15 ліпеня 2018 года здзейснілі аналагічны напад на выдаўцоў контаркультурнага альманаху moloko plus Сафіко Арыфджанаву і Паўла Нікуліна.

Параўноўваць атакі на журналістаў і актывістаў з нападам на «Атрады Пуціна» не зусім карэктна, але ўсе гэтыя выпадкі, сапраўды, маюць нешта агульнае. У кожнай з гісторыяў фігуруюць «дужыя хлопцы», часцей за ўсё ў масках, якія распыляюць пярцовы газ у твар сваіх ахвяраў. Напады звычайна суправаджаюцца збіццём. Зброю зламыснікі дагэтуль не ўжывалі.

Аляксандр Савельеў, Краснадар, belsat.eu

Стужка навінаў