У Крамлі распавялі, ці спадабалася Пуціну бульба ад Лукашэнкі


Лукашэнка дорыць Пуціну чатыры мяхі бульбы напярэдадні Новага году. Снежань 2018 года. Кадр з відэаматэрыялу БТ

Прэсавы сакратар кіраўніка Расеі адказаў на пытанне «СТВ» пра навагодні падарунак Лукашэнкі Уладзіміру Пуціну.

У фільме «Знак роўнасці» Дзмітрый Пяскоў распавёў, што бульба, якую Аляксандр Лукашэнка падарыў Уладзіміру Пуціну, спадабалася расейскаму лідару. Што менавіта з яе прыгатавалі – Пяскоў не ведае.

«У хатняй кухні, у прамым сэнсе гэтага слова, прэзідэнта не ўдзельнічаю. Але, натуральна, сельскагаспадарчая прадукцыя Беларусі добра вядомая і яна сапраўды высокай якасці. – заявіў Пяскоў. – Бульба ў Беларусі вельмі смачная. І такі традыцыйны абмен падарункамі адбываецца рэгулярна».

Чатыры мяхі бульбы розных гатункаў (для дранікаў і пюрэ, для запякання і г. д.) Лукашэнка прывёз у падарунак Пуціну ў снежні 2018-га.

Пазней прэсавая сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант распавядала ў эфіры БТ, што бульба – з агароду Лукашэнкі, і Пуцін сам папрасіў на Новы год у якасці падарунку бульбу ды сала – «маўляў, а што яшчэ можна прывезці з Беларусі?».

ДД belsat.eu; фота анонсу – Ілля Наймушын/Reuters/Forum

Стужка навінаў