У краме symbal.by чатыры гадзіны праводзілі праверку з-за цішотак «ПСІХО3%»


Зараз супраць крамы вядзецца адміністрацыйны працэс. Аб гэтым на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў яе стваральнік Павел Белавус.

Сёння 15 чэрвеня ў краму symbal.by а 14:30 прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС Менску разам з чатырма галоўнымі дзяржаўнымі падатковымі інспектарамі Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па гораду Менску. Яны на працягу чатырох гадзінаў праводзілі праверку, аглядалі нашыя гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгалтарскіх дакументаў.

Праверка ў symbal.by, крыніца: Facebook.com

Зараз супраць крамы вядзецца адміністрацыйны працэс па факту канфіскацыі ў кур’ера цішотак, а таксама можа быць заведзеная адміністрацыйная справа па факту парушэння правілаў іхнай перавозкі. Стваральнік крамы Павел Белавус мяркуе, што гэта справа – палітычная.

«Яны мэтанакіравана спынілі канкрэтную машыну [12 чэрвеня ў краме канфіскавалі цішоткі «ПСІХОЗ%» — belsat.eu]. У нас няма да чаго прычапіцца. Мы разумеем, у якой краіне жывём, якой справаю займаемся. Таму ўвесь тавар у нас прадаецца легальна», – зазначае Павел.

Тыя самыя цішоткі, крыніца: symbal.by

У бліжэйшыя дні стануць вядомымі падрабязнасці справы. Пакуль што прадстаўнікі крамы вынайшлі колькі парушэнняў пры канфіскацыі цішотак.

Крама symbal.by запусціла акцыю «Стыкер салідарнасці» і выклалі дызайн «ПСІХОЗ%» для вольнага выкарыстання.

«Атрыманыя сродкі ад продажу гэтых стыкераў мы накіруем на працу адвакатаў і юрыстаў па нашай справе, ёсць шмат варыянтаў што нас і вас чакае, таму варта быць падрыхтаваным. На ўтрыманне інфраструктуры крамы і развіццё сацыяльных сетак Symbal.by», – заявіў Павел Белавус.

Нагадаем, што 12 чэрвеня ў курʼера крамы супрацоўнікамі Савецкага РАУС былі канфіскаваныя 419 цішотак «ПСІХОЗ%».

КТ belsat.eusy

Стужка навінаў