У краінах ЕАЭС уразаюць ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы


Сёння, 29 сакавіка, уступае ў сілу рашэнне Савету Еўразійскай эканамічнай камісіі № 107, дзе гаворыцца пра зніжэнне нормы бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання.

Так, да канца 2018 года жыхары краін ЕАЭС, якія вандруюць наземным транспартам, яшчэ змогуць прывозіць тавары па цяперашніх нормах – на 1500 еўра і па вазе да 50 кілаграмаў.

З 2019 года нормы будуць паступова ісці ў бок паніжэння. Так, ужо ў наступным годзе можна будзе ўвозіць 50 кілаграмаў тавару, але на суму не больш за 1000 еўра. У 2020-м – сумкі турыстаў павінны схуднець да 35 кілаграмаў, а рэчы ў іх патаннець да 750 еўра. У 2021 годзе прывозіць можна будзе толькі 25 кіло тавараў не болей чым на 500 еўра.

Калі чалавек будзе везці нешта звыш ліміту, яму прыйдзецца заплаціць мытную пошліну – 30% ад кошту тавару, але не менш як 4 еўра за кожны лішні або больш дарагі кілаграм.

Мытнікі нагадваюць, што ўсе гэтыя нормы не будуць распаўсюджвацца на няновыя рэчы, якія людзі ўзялі з сабой у дарогу.

Ліміты на алкаголь застаюцца папярэднімі – не больш за 3 літраў, у тым ліку піва, на аднаго паўналетняга чалавека. Калі везці больш, трэба заплаціць 10 еўра зверху за кожны лішні літр. А правозіць больш за 5 літраў на аднаго чалавека наогул забаронена.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў