У школьным класе – чвэрць вучняў. Якія школы навучаюць онлайн?


Насуперак стратэгіі Мінадукацыі «не абвяшчаць каранціну ў навучальных установах», вучыцца за парты пасля вакацыяў вярнуліся далёка не ўсе. Карэспандэнт Belsat.eu абмеркаваў дыстанцыйнае навучанне з бацькамі і настаўнікамі.

На лецішчы з трыма сынамі

Дыстанцыйнае навучанне ніяк не прапісана ў беларускім Кодэксе аб адукацыі, але калі ёсць рэакцыя на небяспеку – школы мусяць дастасавацца і перайсці на фармат онлайн-навучання.

Сям’я Сабаткоўскіх самаізалявалася на лецішчы. Трое сыноў навучаюцца дыстанцыйна.
Фота: «Белсат»

Шматдзетная сям’я менчукоў Сабаткоўскіх сышла на самаізаляцыю яшчэ за тыдзень да вясновых школьных вакацыяў. З’ехалі ў вёску, на лецішча.

«Тут кантактаў значна меней і пачуваемся бяспечна. У школе напісалі заяву, што дзеці не будуць наведваць заняткі па прычыне неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, таму пакуль муж працуе, спрабую даць рады з навучаннем дзяцей» – распавядае Алена Сабаткоўская, маці траіх сыноў.

Старэйшы сын Мікіта і малодшы Давід навучаюцца ў 7 і 2 класах школы N130 г. Менску, сярэдні – Кірыл у 5 класе сталічнай школы N51.

«Як прыехалі сюды, то падручнікі спачатку ляжалі некранутымі – дзеці дапамагалі з прыборкаю ды наладжваннем побыту. Ужо пад канец першага тыдню вакацыяў мы для сябе вырашылі, што нават калі каранціну ў школах не абвесцяць, дзеці застануцца дома, таму трэба самастойна наладзіць навучальны працэс».

Маці + настаўніца – выхаваўчы дуэт

Неўзабаве вакацыі падоўжылі. Тады Алена з дзецьмі ўжо пачалі займацца самастойна. Праз нейкі час заварушыліся і настаўнікі – пачалі ўводзіць элементы дыстанцыйнага навучання.

« У 51-ай школе ўжо на мінулым тыдні настаўнікі пачалі пісаць заданні ў электронныя дзённікі, у 130-ай школе толькі ў гэты панядзелак нам даслалі ключ для рэгістрацыі ў сістэме».

Маці прызнае, што дыстанцыйнае навучанне сынам даецца нялёгка, але гэта хутчэй плюс, бо высілкі спрыяюць выхаванню ў дзяцей самадысцыпліны і адказнасці.

«На жаль, пакуль няма магчымасці онлайн кансультацый з настаўнікамі. Яны даюць частку матэрыялу і заданні, таму тэмы дзеці збольшага засвойваюць самастойна. Нешта шукаюць на юцьюбе. Калі сутыкаюцца з цяжкасцямі, то дапамагаю сама, чым магу».

Менскі Хакейны Клуб Тарнада дае заняткі онлайн. Фота з профілю клуба ў Інстаргам

Акрамя школы, да пандэміі хлопцы наведвалі дадатковыя заняткі. Мікіта займаўся хакеем у ХК Тарнада, Кірыл – наведваў секцыю баскетболу Цмокі-Менск. Цяпер трымаць спартовую форму трэнеры дапамагаюць хлопцам онлайн праз Інстаграм.

У «Краіне сяброў»

Пераход на дыстанцыйнае навучанне ў Беларусі не выглядае як цэнтралізаваны. Некаторыя дзяржаўныя школы толькі пачынаюць уводзіць элементы дыстанцыйнага навучання. Але большасць прыватных адукацыйных установаў, да якіх датэлефанаваўся «Белсат», перайшлі на навучанне онлайн яшчэ да вакацыяў.

«Назіраючы за тым, як развіваецца сітуацыя з каронавірусам у свеце, мы рыхтаваліся да пераходу на онлайн-навучанне. Таму ад 23 сакавіка мы цалкам перайшлі на дыстанцыйную працу», – распавяла Ганна Харланчук-Южакова, заснавальніца прыватнай адукацыйнай прасторы «Краіна сяброў».

Спадарыня Ганна падзялілася арганізацыйнымі падрабязнасцямі:«Мы намагаемся арганізаваць онлайн навучанне так, каб са зменай фармату не паўстала дадатковая нагрузка на бацькоў, бо шмат хто з іх цягам дня заняты працаю. Бацькам трэба было толькі тэхнічна забяспечыць працэс, мы падрыхтавалі для іх спіс неабходнага абсталявання ды рэкамендацыі па наладах, а таксама цягам тыдня склалі правілы паводзінаў падчас адукацыйных канферэнцыяў».

Што да тэхнічнай рэалізацыі, базаваю платформай працы настаўнікаў з’яўляецца googleclassroom, дзе кожны публікуе свае заняткі.

«Канферэнцыі ладзім праз zoom, апроч гэтага карыстаемся рознымі іншымі сэрвісамі ды прыкладаннямі, напрыклад KAhoot, у якой малодшым школьнікам вельмі падабаецца рабіць розныя тэсты», – дадае заснавальніца «Краіны сяброў».

Алівія Харланчук падчас онлайн-занятку па ангельскай мове ў школе «Краіна сяброў». Фота падзялілася школа

Вучні даволі хутка адаптаваліся да новага фармату, а настаўнікам прыйшлося трошку цяжэй праз неабходнасць адаптаваць офлайн заняткі ў дыстанцыйную форму, ды змяніць расклад.

«Гэта не вельмі добра, каб дзяцёнак сядзеў некалькі гадзін запар ля экрану, таму мы аб’ядналі некаторыя прадметы па парах, каб быў час на самастойную працу, а яшчэ штодня ў нас для ўсёй школы гадзіна спорту онлайн. Часам да фізічных практыкаванняў і заняткаў па мастацтву далучаецца ўся сям’я».

Сям’я Ткачукоў падчас онлайн навучання на занятках у школе «Краіна сяброў». Фота падзялілася школа

«Альтэрнатыва» давала альтэрнатыву

Далучыліся да онлайн-навучання і вучні іншых прыватных школ. Дырэктарка школы «Альтэрнатыва» Вольга Дзеркачова распавяла Belsat.eu, што адразу пасля вакацыяў бацькі і вучні атрымалі магчымасць выбраць фармат навучання:

«З 20-га красавіка мы планавалі працаваць і онлайн і офлайн, бо папярэдне бацькі заявілі пра прысутнасць 13 дзяцей у школе. Паколькі прыйшлі толькі двое, было прынятае рашэнне сысці ў онлайн-фармат цалкам. Што датычыць арганізацыі працэсу навучання, то мы працуем праз платформу zoom, праводзім 5 заняткаў па 35 хвілін штодзённа, з перапынкамі па 15 хвілін. І вучні, і бацькі вельмі задаволеныя магчымасцю навучацца онлайн, бо шмат сем’яў цяпер знаходзяцца за горадам».

Занятак праз zoom у школе «Альтэрнатыва». Фота падзялілася школа

Для «STEAM» – здароўе перадусім

Навучэнцы прыватнай школы «STEAM», таксама атрымліваюць веды онлайн. Сузаснавальніца школы Валянціна Чэкан падкрэсліла, што бяспека і здароўе вучняў – для іх прыярытэт, таму з пераходам на дыстанцыйнае навучанне марудзіць не выпадала:

«Мы бачылі занепакоенасць бацькоў, пераймаліся і самі, таму прыклалі ўсе намаганні, каб перайсці ў онлайн-навучанне яшчэ да вакацыяў», згадала Валянціна Чэкан.

Дыстанцыйнае навучанне мае свае недахопы, звязаныя з дысцыплінаю і слабейшым засвойваннем матэрыялаў у хатняй атмасферы. Але ў сённяшняй сітуацыі на першы план выходзіць бяспека ўсёй сям’і. Адукацыя – гэта жыццёвы працэс, і калі абставіны вымагаюць змяніць фармат, у пераможцах застаецца той, хто быў лягчэйшы на пад’ём і найхутчэй адаптаваўся да новых умоваў.

Аляксандр Любянчук Belsat.eu

Стужка навінаў