У Кітаі з'явіўся помнік Янку Купалу


Помнік Янку Купалу адкрылі ў Сіаньскім універсітэце замежных моў, паведамляе амбасада Беларусі ў Кітаі.

Адкрыццё адбылося ў час наведвання паслом Беларусі ў Кітаі Кірылам Рудым Сіаньскага ўніверсітэту замежных моў у правінцыі Шэньсі.

Адбылася сустрэча дыпламата з рэктарам навучальнай установы, яны абмеркавалі пытанні супрацы з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і рэалізацыю праектаў Года адукацыі Беларусі ў Кітаі, уключаючы пашырэнне абменаў сярод прафесарска-выкладчыцкага складу і стварэнне сумеснай магістратуры.

Затым у новым корпусе універсітэту адбылася цырымонія адкрыцця помніка народнаму паэту Янку Купалу работы беларускага скульптара Віктара Копача. На цырымоніі пасол Руды выступіў з прамовай і адзначыў важную ролю Купалы ў беларускай і сусветнай літаратуры.

Фота амбасады Беларусі ў Кітаі

Па завяршэнні прамовы студэнты, якія вывучаюць беларускую мову, паказалі творчую праграму, прадэкламавалі вершы Купалы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў