У Кіеве затрымалі кіраўніка «РИА Новости Украина». У рэдакцыі праводзяць ператрус


Кірыла Вышынскага затрымалі на вуліцы побач з домам, паведаміла інфармацыйнае агенцтва са спасылкай на калегаў затрыманага.

У рэдакцыю таксама прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны.

«Кіеў вырашыў адпомсціць нам за Крымскі мост. Уварваліся ў наш офіс, супрацоўнікі не выходзяць на сувязь, сайт не абнаўляецца, тэлефоны заблакаваныя», – напісала ў «Twitter» галоўная рэдактарка агенцтва​​ «Россия сегодня» і тэлекампаніі RT Маргарыта Сіманьян.

Супрацоўнікі СБУ і пракуратуры Аўтаномнай рэспублікі Крым (уваходзіць у структуру Генпракуратуры Украіны) «раскрылі дзейнасць сеткі медыяструктураў, падкантрольных Расейскай Федэрацыі» і выявілі, што «іх выкарыстоўвалі ў гібрыднай інфармацыйнай вайне супраць Украіны», – напісала ў Facebook прадстаўніца спецслужбы Алена Гітлянская. Яна таксама пацвердзіла затрыманне Вышынскага.

Інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости Украина» было створанае ў 2000-ыя гады як прадстаўніцтва аднайменнага расейскага агенцтва і пазней увайшло ў медыя-групу «Россия сегодня». Кірыла Вышынскага ў 2014 годзе «за аб’ектыўнае асвятленне падзеяў у Крыме» ўзнагародзілі расейскім медалём ордэна «За заслугі перад Айчынай».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары