У Кіеве ўсталявалі помнік Паўлу Шарамету. ФОТАФАКТ

Помнік у выглядзе змятага ліста паперы з напісаным на ім імем усталявалі на вуліцы Івана Франка, недалёка ад месца гібелі журналіста.

Фота: Aleksandr Gusev / Zuma Press / Forum

Павел Шарамет загінуў у 2016 годзе ў выніку выбуху бомбы, падкладзенай пад яго аўтамабіль. Праз тры гады паліцыя арыштавала траіх падазраваных у забойстве, піша vot-tak.tv. У траўні 2020-га года ўкраінскія следчыя завяршылі дасудовае расследаванне па справе аб забойстве Паўла Шарамета. Пасля гэтага Уладзімір Зяленскі заявіў, што міністр унутраных спраў Арсен Авакаў павінен давесці справу аб забойстве журналіста да канца.

20 ліпеня, Кіеў. Жанчына прынесла кветкі да помніка Паўлу Шарамету. Фота: Serg Glovny / Zuma Press / Forum

Хто такі Павел Шарамет

Павел Шарамет нарадзіўся ў Менску. Працаваў вядучым на Беларускім тэлебачанні. Затым – рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты».

У 1997 годзе пасля паказу ў эфіры тэлеканалу ОРТ рэпартажу аб фактычнай адсутнасці мяжы паміж Беларуссю і Літвой беларускія сілавікі арыштавалі Шарамета па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. За гэта яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну.

Журналіст правёў у зняволенні тры месяцы і быў дэпартаваны толькі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын не пусціў самалёт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыю Расеі і публічна запатрабаваў вызвалення журналіста.

Апошнія пяць гадоў свайго жыцця Шарамет працаваў у Кіеве, супрацоўнічаў з «Украинской правдой» і «Радио Вести».

ДД/ІР vot-tak.tv

Hавiны