Раніцай 5 снежня ў кіеўскую кватэру, дзе жыве экс-прэзідэнт Грузіі, з ператрусамі прыйшоў спецназ і паліцыя. Паводле адваката Саакашвілі, яго падазраюць у садзейнічанні звяржэння дзяржаўнага ладу.
Пра гэта напісаў у Facebook ягоны паплечнік Давід Сакварэлідзэ.
«У Міхэіла Саакашвілі дома ламаюць дзверы! Вуліца касцельных, 7, кв 32. Збіраемся!» – напісаў ён.
Саакашвілі знаходзіўся на даху будынку, ягоны тэлефон не адказваў.
Адвката Саакашвілі заявіў, што палітыка будуць выводзіць, але пакуль невядома як.
UPD. Палітыка затрымалі і выводзяць з будынку. На вуліцы сабраліся сотні людзей, якія намагаюцца адбіць Саакашвілі ў сілавікоў: блакуюць выезд і аўта з Саакашвілі, адбываюцца сутычкі са спецназам. Прысутныя крычаць «Імпічмент» і «Парашэнка – фашыст».
Увесь час Саакашвілі знаходзіцца ў аўце. Людзі не даюць вывезці яго з цэнтру, працягваюцца сутычкі. Журналісты прабіліся да яго па каментар, Саакашвілі зняпраўджвае ўсе абвінавачванні.
Луцэнка заявіў на прэс-канферэнцыі, што пакуль аб экстрадыцыі Саакашвілі няма гаворкі. У хуткім часе яго дапытаюць, сказаў генпракурор.
12:36 Актывісты выцягнулі Саакашвілі з аўтобусу.
***
За некалькі дзён да інцыдэнту з Украіны дэпартавалі некалькі паплечнікаў Саакашвілі. Былы прэзідэнт Грузіі заявіў, што Парашэнка вырашыў дэпартаваць з Украіны ўсіх людзей, якія звязаныя з ім.
Паводле Украінскай Праўды, ператрус праводзяць у сувязі з крымінальнай справай супраць палітыкаў, якія маглі фінансаваць акцыі Саакашвілі. У СБУ пацвердзілі ператрусы ў кватэры экс-прэзідэнта Грузіі, але не ўдакладнілі, па якой справе яны праходзяць.
3 снежня ў Кіеве адбыўся марш «за народны імпічмент» Парашэнкі, арганізаваны партыяй «Рух нових сіл» Саакашвілі. Паводле арганізатараў, у акцыі ўдзельнічалі 20 тыс. чалавек.
ДР belsat.eu