У Кіеве развіталіся з ваенным медыкам, выхадцам з Беларусі, які загінуў на Данбасе


Медык-сяржант Мікалай Ільін загінуў пад пасёлкам Зайцава Данецкай вобласці. Разам з групай вайскоўцаў ён спрабаваў эвакуяваць з «шэрай зоны» загінулага байца, але трапіў пад абстрэл сепаратыстаў.

36-гадовы Мікалай Ільін нарадзіўся ў Беларусі. У 2006 годзе, як кажуць яго сябры, з-за палітычных пераследаў ён пераехаў у Эстонію, дзе пазней атрымаў эстонскае грамадзянства. Ва Узброеных сілах Украіны служыў па кантракце, у 35-й асобнай брыгадзе марской пяхоты.

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

Загінуў Мікалай 13 ліпеня, падчас спробы эвакуяваць цела загінулага байца.

«Загінуў афіцэр, які знаходзіўся ў «шэрай зоне». Была арганізаваная эвакуацыя цела, і ў гэты час адбыўся абстрэл гэтых хлопцаў. Яны былі з беламі павязкамі, у белах касках. І Мікалай быў сярод іх. Таксама загінуў сяржант Журавель», – распавёў вайсковец Аркадзь Сцепаненка.

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

Развітанне з Мікалаем Ільіным праходзіла ў саборы Святога Аляксандра ў цэнтры Кіева. Туды прыехалі яго сябры, калегі, блізкія.

«Ён быў шчыры, пазітыўны, светлы чалавек. І абсалютна ніхто не чакаў, што на гэтай гібрыднай вайне так подла забілі Мікалая, парушаючы ўсё, што толькі можна, Жэнеўскія канвенцыі», – сказаў кіраўнік Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

«У нас больш платанічныя былі адносіны, ён вельмі паважаў і любіў мяне, я сапраўды гэтак жа», – падзялілася дзяўчына Мікалая Любава Наканечная.

«Ён жыў медыцынай, ён ратаваў хлопцаў. Ён павінен быў прыехаць на наступным тыдні, мы павінны былі ў Львоў да сяброў ехаць. Ён мне тэлефанаваў у панядзелак, перад гібеллю, хацеў са мной пагаварыць, ён адчуваў, што нешта не так будзе, але ён жыў гэтым. Ён казаў: «Я павінен тут быць, дапамагаць хлопцам, таму што гэта вельмі трэба», – успамінае Любава.

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

«Ён не з’яўляўся грамадзянінам Украіны, але не кожны грамадзянін Украіны можа так дзейнічаць, як дзейнічаў грамадзянін Эстоніі. За той час, які ён пражыў ва Украіне, ён стаў самым сапраўдным патрыётам нашай краіны», – распавёў калега Мікалая Сяргей.

Прыйшлі развітацца з Мікалаем і незнаёмыя з ім людзі:

«Я валанцёр, сёмы год з параненымі і для мяне любая смерць за Радзіму вельмі важная, і аддаць даніну павагі чалавеку для мяне святы абавязак».

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

«Лічу сваім абавязкам аддаць даніну памяці беларусу, які загінуў, змагаючыся з нашым агульным ворагам – Расеяй».

Пасля развітання, у гадзіну дня, на Байкавых могілках прайшла крэмацыя цела загінулага. Па словах Любавы, прах Мікалая плануюць развеяць ва Украіне, Беларусі і Эстоніі.

Фота: Пётр Барэйка / Belsat.eu

Марына Ступак/ІР Belsat.eu

Стужка навінаў