У Кіеве паліцыя штурмам узяла будынак суду, дзе забарыкадаваліся актывісты ВІДЭА


У Кіеве паліцыянты сілай зачысцілі памяшканне залы пасяджэнняў Святошынскага суду, дзе забарыкадаваліся прыхільнікі камандзіра добраахвотніцкага батальёна АУН Мікалая Каханоўскага, затрыманага 21 кастрычніка пасля стральбы непадалёк ад цэнтру горада.

Як паведамляе выданне «Украінская праўда», некалькі дзясяткаў праваахоўнікаў у шлемах ўварваліся ў памяшканне праз вокны. Яны пачалі хапаць актывістаў і выводзіць на вуліцу. Тыя аказвалі супраціў, пачалася бойка. Некаторыя актывісты паспрабавалі ўцячы, але былі затрыманыя.

Паліцыя дзейнічала вельмі хутка, аперацыя доўжылася ўсяго некалькі хвілін. Дзе ў гэты час знаходзіўся сам Каханоўскі – невядома.

21 кастрычніка ў Кіеве каля станцыі метро «Акадэмгарадок» праваахоўнікі затрымалі камандзіра АУН Мікалая Каханоўскага пасля стральбы і сутычкі з Русланам Качмалай з «Правага сектару», падчас якой абодва атрымалі траўмы.

23 кастрычніка суддзя перанесла паседжанне на 9 раніцы аўторка, а паплечнікі Каханоўскага патрабавалі неадкладна вызваліць яго з-пад варты. З-за гэтага актывісты заблакавалі будынак суду.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў