У Кіеве каля амбасады Расеі адбыліся сутычкі з паліцыяй


У Кіеве пад будынкам амбасады Расеі ва Украіне адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, быў збіты чалавек, які, імаверна, прыйшоў прагаласаваць на выбарах у Дзярждуму.

У Кіеве пратэстоўцы паспрабавалі знесці плот амбасады Расеі. У прыватнасці, сярод пратэстоўцаў заўважаны былы дэпутат Вярхоўнай Рады, а цяпер дэпутат Кіеўскага гарадскога савету ад партыі «Свабода» Ігар Мірашнічэнка. Ён з іншымі ўдзельнікамі акцыі спрабаваў перашкодзіць людзям прайсці ў амбасаду для ўдзелу ў галасаванні. Акрамя таго, пратэстоўцы спрабавалі знесці плот вакол амбасады.

Праваахоўнікі атачылі дыпламатычную пляцоўку, не даючы ўдзельнікам акцыі прайсці на яе тэрыторыю. Канал «112 Україна» паведамляе пра затрыманне аднаго пратэстоўца. Яго затрыманне выклікала буру эмоцыяў у іншых, яны ўступілі ў сварку з паліцыянтамі, выкарыстоўваючы нецэнзурную лаянку.

Адзначаецца, што ў амбасадзе РФ у Кіеве ўжо паспелі прагаласаваць каля 20 чалавек. Праз некаторы час сітуацыя ля амбасады супакоілася, паліцыянты выстраіліся вакол будынку. Пры гэтым пратэстоўцы працягваюць блакаваць уваход на ўчастак.

Каля амбасады сабраліся каля 300 праваахоўнікаў. Пасля канал «112 Україна» таксама паведаміў, што пад амбасадай Расеі збілі мужчыну, які, верагодна, прыйшоў прагаласаваць на выбарах у Дзярждуму РФ. Па словах карэспандэнта каналу, расейца, які прыйшоў у амбасаду, пратэстоўцы збілі нагамі. Паўстала сутычка паміж паліцыянтамі, пратэстоўцамі і грамадзянамі РФ, якія прыйшлі прагаласаваць.

Учора амбасаду Расеі ў Кіеве абстралялі з салютнай устаноўкі.

МЯ, паводле 112.ua

Стужка навінаў