У кіеўскім аэрапорце затрымалі баевіка ЛДНР, які прыляцеў з Менску


Украінскія памежнікі разам з працаўнікамі СБУ 26 кастрычніка затрымалі 29-гадовага баевіка ЛДНР, які прыляцеў з Менску.

«Мужчына, грамадзянін Украіны, як высветлілася, ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаванняў на ўсходзе Украіны. Праваахоўнікі высветлілі, што ён знаходзіўся ў складзе расейскіх наймітаў і выконваў задачы ў раёне гораду Снежнае, што на непадкантрольнай украінскай уладзе тэрыторыі Данеччыны», – адзначаецца ў паведамленні на сайце Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Баевіка затрымалі падчас памежнага афармлення, калі ён прыляцеў у Кіеў з Менску. Паведамляецца, што з Данбасу ён выехаў праз частку украінска-расейскай мяжы ў Луганскай вобласці, якую кантралююць сепаратысты.

Баевік, якога затрымалі ў Кіеве. Фота – dpsu.gov.ua

Гэта не першы выпадак, калі ўкраінскія спецслужбы арыштоўваюць баевіка ЛДНР, які раней знаходзіўся на беларускай тэрыторыі. У верасні 2017 года ў Мар’інскім раёне Данецкай вобласці пры спробе перасекчы лінію размежавання СБУ затрымала баевіка Рамана Джумаева.

Раман Джумаеў нарадзіўся ў Марыупалі ў 1991 годзе. Летам 2014-га ён пайшоў ваяваць супраць украінскіх уладаў на баку сепаратыстаў, быў у складзе інтэрбрыгады «Пятнашка». Браў удзел у бітве за Дэбальцава і баях за Данецкі аэрапорт. Ва Украіне за ўдзел у незаконных узброеных фармаваннях супраць Джумаева распачалі крымінальную справу. Летам 2015 году Раман Джумаеў пакінуў Данбасе і пераехаў у Беларусь. Хлопец жыў у Мар’інай Горцы, працаваў менеджарам па продажах. Пра свой удзел у вайне ва Украіне экс-баевік распавёў у інтэрвʼю Радыё Свабода. Беларускія праваахоўныя органы прэтэнзіяў да яго не мелі. У 2017 годзе Джумаеў вярнуўся на ўсход Украіны, каб наведаць бацькоў, якія жывуць у Марыўпалі, але быў арыштаваны.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў