У Керчы 18-гадовы хлопец забіў 18 чалавек. Яго параўноваюць з нападнікамі на «Колумбайн»




У сталовай політэхнічнага каледжу Керчы ўзарвалася самаробнае падрыўное прыстасаванне, начыненае металічнымі дэталямі. На месцы працуе паліцыя, пяць медычных брыгад і тры аддзяленні пажарна-выратавальнай службы. Медыкі паведамляюць пра 19 загінулых (разам з меркаваным нападнікам) і дзясяткі пацярпелых.

Падрабязней пра падзеі ў Керчы глядзіце ў адмысловым выданні а 20.00

Hавiны
18-гадовы забойца з Керчы захапляўся маньякамі і хадзіў у каледж са штык-нажом
2018.10.17 17:28

Прадстаўнік Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту Андрэй Пржэздомскі заявіў, што ў будынку каледжу знайшлі яшчэ бомбу.

У Крыме – рэжым надзвычайнай сітуацыі. Улады абвесцілі трохдзённую жалобу і абяцаюць сем’ям загінулых кампенсацыю ў памеры 1 мільён расейскіх рублёў.

Параненых вывозілі таксоўкамі, бо бракавала машынаў эвакуацыі. У Міністэрстве здароўя паведамляюць, што ў шпіталях цяпер застаюцца 54 асобы. Раней паведамлялася, што 8 асобаў знаходзяцца ў цяжкім стане.

Аднагрупнік Улада Раслякова распавёў, што хлопец быў сацыяпатам.

«Ён хадзіў па вучэльні са штык-нажом, і ніхто на гэта не звяртаў увагі. Выдаліўся з сацсетак, любіў і цікавіўся маньякамі. Ніколі не хварэў, але ў панядзелак упершыню за ўвесь час не прыйшоў на заняткі, сказаў, што захварэў. І вось сёння яго пабачылі ў калідоры ўпершыню».

Адзін з вучняў каледжа распавёў журналістам наступнае: «Дзеці лезлі з вокнаў. Усё гарыць. Праз 5-6 хвілінаў пачаліся стрэлы. На другім паверсе адкрывалі дзверы ў кабінеты і растрэльвалі. Паведамляюць, што ў горадзе таксама страляюць».

«Выбуховае прыстасаванне прывязалі да ката. Спачатку выбухнуў кот, а потым былі людзі з аўтаматамі. Яны кідалі выбуховыя пакеты дзецям пад ногі», – распавядае вучаніца.

«Забівалі ўсіх, каго маглі знайсці», – кажа адна з настаўніц.

У хаце Раслякова праводзяць вобшук. Паліцыя лічыць, што, магчыма, у яго ёсць схованка са зброяй і выбухоўкай.

Кіраўнік Крыму Сергей Аксёнаў паведаміў, што тэрарыст – 18-гадовы навучэнец каледжу Уладзіслаў Раслякоў. Ён атрымаў дазвол на зброю 8 верасня. Некалькі дзён таму ён купіў 150 патронаў. Паводле крыніцы РБК у МУС, у каледжы чулі, што адзін з навучэнцаў праводзіць доследы з выбуховымі рэчывамі. Хлопец скончыў жыццё самагубствам, застрэліўшыся на другім паверсе будынку ў бібліятэцы.

Уладзіслаў Раслякоў

Ува ўсіх навучальных установах адбываецца эвакуацыя. У горад сцягнулі сілавыя структуры. Заблакаваныя ўсе падыходы да каледжу.

Фота kerch.fm

Паводле папярэдняй інфармацыі, было дзве версіі здарэння

Першая – у палітэхнічным каледжы выбухнуў газ. Аднак будынак не быў падключаны да цэнтральнай сістэмы газазабеспячэння, паведамляе «Крымінформ» са спасылкай на прэс-службу «Крымгазсетак», таму нельга казаць пра тое, што гэта быў выбух бытавога газу.

Другая версія – тэракт. Нацыянальны тэрарыстычны камітэт паведамляў, што прычынай выбуху стаў падрыў неўстаноўленага выбуховага прыстасавання.
Аднак СК перакваліфікаваў справу з артыкулу пра тэракт на забойства дзвюх і болей асобаў агульнанебяспечным спосабам.

Тэлеканал 360tv.ru са спасылкай на відавочцаў падае, што нехта кінуў бутэльку ў вакно на першым паверсе, пасля чаго адбыўся выбух. Таксама мясцовыя СМІ пішуць пра відавочцаў, якія бачылі «людзей з аўтаматамі ў сталовай».
Паблік «Mash» са спасылкай на «інфармацыю экстранных служб» піша, што ў каледжы хацелі захапіць закладнікаў, пасля чаго пачалася страляніна, а затым адбыўся выбух.

 

Запісы размоваў вучняў у палітэхнічным каледжы ў Керчы

«У мяне шок. Стралялі ў кагосьці. Памерла столькі людзей. У нас быў перапынак, я выйшла на першы паверх. Прагрымеў выбух, я не зразумела, што здарылася. Думала, што памру. На маіх вачах загінула сяброўка. Хлопцы падалі, кроў лілася», – распавядае сведка трагедыі.

Масавае забойства ў амерыканскай школе «Колумбайн» адбылося ў 1999 г. Тады двое нападнікаў паранілі 36 асобаў, з іх 13 – смяротна. Пасля гэтага застрэліліся самі.

ДР, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў