У казкі пра «расейскі крыж» хочацца верыць, пра «чыстыя ходнікі» – не

Беларусь, як і Расея, вельмі нагадвае феадальную дзяржаву. На чале – кароль. Міністры – герцагі. Іхныя намеснікі – бароны. Прапагандысты – прыдворныя пасцельнікі, захавальнікі спальні. Дык вось, пра апошніх…

Глянуў нядаўна два інтэрв’ю: з Мікітам Міхалковым і Генадзем Давыдзькам. Абодва – махровыя прапагандысты, абодва – набліжаныя да першых асобаў, абодва – максімальна лаяльныя, абодва – спрабуюць граць з грамадскім меркаваннем, падладоўвацца, выкручвацца і г.д. Але паміж імі – прорва. Чаму?

«Мне прапанавалі – я пагадзіўся. А табе?.. Ну вось»

Міхалкоў хоць і падаецца цяпер камічным разбэшчаным старцам з бліскучымі пярсцёнкамі і кабінетам, завешаным іконамі ды андрэеўскімі сцягамі, але гэта ўсё ж такі глыба. Бо Міхалкоў – гэта не толькі асоба, але і гісторыя сям’і, і творчае заплечча найлепшых гадоў: «Свой сярод чужых…», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік»…

Праз сто гадоў, вельмі імаверна, у «Вікіпедыі» застанецца ўсё гэта, а вось пра сяброўства з Пуціным і «БесогонТВ» – усяго толькі сарамлівыя два-тры сказы. Як Кнута Гамсуна, напрыклад, мы ведаем не праз цёплыя стасункі з Гёбэльсам, якому класік падарыў сваю Нобэлеўскую прэмію, а праз «Голад», «Вікторыю», «Пана» і г.д.

Міхалкоў спраўна выкручваецца з любога пытання: пра сяброў-геяў («А я абавязаны гэта ведаць?»), пра парушэнне Правілаў дарожнага руху («Хто табе сказаў, што я быў за стырном?»), пра касмічныя бюджэты правальных фільмаў («Гэта геніяльнае кіно, яго яшчэ ацэняць!»), нават пра мігалкі на аўто: «Дык мігалкі…» – «Мне прапанавалі – я пагадзіўся. А табе прапаноўвалі?» – «Не». – «Ну вось!»

Хамскія адказы, усмешка, упэўненасць у сваёй геніяльнасці ды місіі, разняволенасць – гэта падкупляе. Ты бачыш актора, амаральнага цынічнага кінагероя, а не рэальнага чалавека. Ну як можна злавацца на таго, хто таленавіта грае сваю ролю?

Генадзь Давыдзька. Фота tut.by

«Не сорамна», «не шкадую», «захаваць мір і спакой»

З Давыдзькам – усё наадварот. Няма легенды, творчага бэкграўнду, пярсцёнкаў, кабінету з іконамі… Усе адказы – прадказальныя: «не сорамна», «не шкадую», «захаваць мір і спакой», «гэта ідэалогія». Ён нават не спрабуе спрачацца з вядоўцаю, задаваць пытанні ў адказ, заблытваць, смяяцца. Такое ж інтэрв’ю магло адбыцца і 10 гадоў таму, і праз 10 гадоў, з мінулым або сучасным кіраўніком БТ…

Чаму так? У Давыдзькі проста няма стылю – ён стэрыльны. Няма ідэалогіі – нават фантазійна-наіўнай, як у Міхалкова. Урэшце, няма патрэбы «абярнуць кагосьці ў сваю веру». Міхалкоў працуе як «лавец душаў». Давыдзька – як палітінфарматар, цягам ягонай лекцыі прынята глядзець каляровыя сны на задніх шэрагах. Міхалкоў верыць у міф, які стварае, а вось Давыдзька…

А ўва што яму верыць? У «самае чыстае месца на глобусе»? У тое, што латышы жывуць горш за беларусаў? У Фраў А. з вясны 2017-га? У дом у Драздах?.. Так сабе рэлігія. Паміраць за гэта дакладна ніхто не пойдзе. За «Берандзеева царства» Міхалкова са святымі, царамі, «расейскім крыжам» – пойдуць, там ёсць эмацыйная зачэпка, агеньчык. За легенду БТ пра «чыстыя ходнікі» – не.

«Усё складана, ведаю, але наша краіна спрадвеку мае місію…»

Крыўдна… Часам жа хочацца паверыць менавіта беларускай прапагандзе. Хай бы ўзначальваў БТ такі сабе кот-баюн, падперазаны слуцкім поясам, з сармацкімі партрэтамі ды іконамі старабеларускай школы на сценах кабінету, з вялікім камінам, рыцарскімі даспехамі па кутах. Такі сабе беларускі Міхалкоў.

Дзед мог бы казаць: «Усё складана, ведаю, але наша краіна спрадвеку мае місію…» – ну, неяк так. І ў ягоную казку захацелася б паверыць. А ў казку Давыдзькі – не. Ды і надакучыла ўжо: штовечар тое самае.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў