У Казахстане закручваюць гайкі. За што загінуў Дуўлат Агадыйл?


Казахстан цяпер нагадвае тарфянік. На паверхні ўсё больш-менш спакойна, але ўнутры ўжо з’яўляюцца ўспышкі полымя – так цяперашнюю сітуацыю ў краіне характарызуе палітолаг Дасым Сатпаеў. Іскрай для ўзгарання і грамадскіх пратэстаў стала смерць у СІЗА грамадзянскага актывіста Дуўлата Агадыйла. Нязгодныя паспрабавалі выйсці на мітынгі, а ўлады – хутка даць справаздачу і зняць з сябе адказнасць, заадно нагадаўшы – яны не гатовыя мірыцца з іншадумствам.

Пасля затрымання грамадскага актывіста Дуўлата Агадыйла і праз некалькі гадзін пасля змяшчэння яго ў следчы ізалятар, з’явілася інфармацыя – актывіст мёртвы.

Яўген Жоўціс, праваабаронца, Казахстан:

«Гэта гібель чалавека, які быў дастаткова актыўным пратэстоўцам, які арганізоўваў мірныя сходы ў розных рэгіёнах краіны і які быў дастаткова адкрыты і валодаў сур’ёзным мабілізацыйным патэнцыялам – вакол яго сталі збірацца. І вось такая яго гібель – калі вас увечары забіраюць, а сваякам паведамляюць, што ён памёр. Вядома, спадар Такаеў і ўлада запанікавала».

Таму яшчэ да завяршэння расследавання і вынікаў судова-медыцынскай экспертызы прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што актывіст памёр ад «сардэчнай недастатковасці». Заява зʼявілася напярэдадні мітынгаў, якія анансавалі некалькі апазіцыйных груп і на якіх планавалася выказаць патрабаванні пакараць вінаватых у смерці актывіста. Тым, каму афіцыйная версія падалася непераканаўчай, паспрабавалі растлумачыць інакш.

Сярод затрыманых 1 сакавіка была і 25-гадовая Фарыза Аспан – удзельніца руху «Абудзіся, Казахстан». Дзяўчына распавядае, што за некалькі дзён да акцыі за актывістамі арганізацыі вялося сачэнне, а затрымалі маладых людзей яшчэ да пратэстаў і без тлумачэння прычын.

Фарыза Аспан, удзельніца руху «Абудзіся, Казахстан», успамінае:

«Я хацела адвязацца ад тых, хто нас затрымліваў. За гэта мне інкрымінуюць 667 артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – за тое, што я вырывалася пры незаконным затрыманні».

Дзеянні ўлады – абсалютна прадказальныя, сцвярджае праваабаронца Яўген Жоўціс. Сачэнне, затрыманні, штрафы. Яны былі такімі ў часы прэзідэнцтва Назарбаева і застаюцца такімі цяпер. Пасля перадачы ўлады Такаеву ў грамадстве з’явілася надзея на лібералізацыю, але яна праіснавала толькі некалькі месяцаў.

«Быў нейкі прамежак часу восенню, калі ўлада не забірала адзіночных пікетоўцаў або невялікія групы. Яна, так бы мовіць, дэманстравала нейкую лаяльнасць і талерантнасць да такіх акцыяў у асноўным для вонкавага спажывання», – кажа праваабаронца Яўген Жоўціс.

Складваецца ўражанне, што нейкі перыяд надзеяў на лібералізацыю скончыўся, і цяпер ідзе разварот у адваротны бок.

Адбываецца імітацыя дэмакратычнага працэсу: выбары, новы лідар і нават грамадзянская актыўнасць, але, як сцвярджае палітолаг Талгат Мамырайымаў, усё гэта робіцца толькі для перадачы ўлады ад Назарбаева, які без звання прэзідэнта кантралюе і ўнутраную, і знешнюю палітыку Казахстана, яго сямʼі.

Палітолаг Талгат Мамырайымаў з Алматы лічыць:

«Цяпер Назарбаеву яшчэ выгадна падчас перадачы ўлады свайму клану, каб працэс быў легітымна ўспрыняты ў першую чаргу міжнароднай супольнасцю. З іншага боку, прымяненне сілы і сілавое падаўленне грамадзянскага ўдзелу, дзейнасці грамадзянскіх актывістаў стала яшчэ больш, чым у папярэдні перыяд. Ён хоча, каб у перыяд трансфармацыі не было ніякіх падводных плыняў, падводныя камяні ліквідуюцца».

Што застаецца Такаеву? Супакойваць грамадства і не расхістваць сістэму.

Дасым Сатпаеў, палітолаг, Алматы, Казахстан:

«Гэтая аўтарытарная сістэма не расхістваецца прэзідэнтам Такаевым, таму што ён разумее, па-першае, яму гэта не дадуць зрабіць, а па-другое, ён частка гэтай сістэмы».

Паўнавартасны транзіт пачнецца толькі тады, калі Назарбаеў канчаткова пакіне палітычную сцэну, але, як адзначае Дасым Сатпаеў, здарыцца гэта толькі па прычыне смерці першага прэзідэнта Казахстана.

«Адзінае, што ў Такаева можа быць у якасці козыра – калі частка эліты – палітычнай, рэгіянальнай – захоча вакол Такаева аб’яднацца супраць членаў сямʼі Назарбаева, якія раптам захочуць удзельнічаць у барацьбе за ўладу. Вельмі шмат хто ў эліце не хоча, каб да ўлады прыйшла дачка або зяць прэзідэнта. У гэтым плане ім прыйдзецца выбіраць не паміж добрым і дрэнным, а паміж дрэнным і вельмі дрэнным варыянтам, таму Такаеў можа будзе больш прымальнай кандыдатурай», перакананы Дасым Сатпаеў.

Пакуль што, як пераконвае эксперт, Такаеў разумее, што сістэма знаходзіцца на мяжы сурʼёзнага крызісу і праводзіць толькі кропкавыя змены, якія не накіраваныя на змяненне сістэмы ўлады ў Казахстане. Галоўная мэта – захаваць кантроль над тым, што адбываецца. А ў выпадку, калі ў грамадстве назіраецца рост недаверу да ўлады і пратэстных настрояў, аўтарытарныя рэжымы тактыкі не змяняюць: не можаш вырашыць праблему – закручвай гайкі.

Святлана Аўчарова/ІР, belsat.eu

Фота на прэв’ю: PAVEL MIKHEYEV/Reuters/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет» 06.03.2020

Другие темы выпуска:

Стужка навінаў