У Казахстане адкрылі новы будынак беларускай амбасады


Новая амбасада Беларусі ў Казахстане.
Фота: primeminister.kz

У Нур-Султане 24 кастрычніка адбылося афіцыйнае адкрыццё новага будынку беларускай амбасады ў Казахстане. Пра гэта паведамілі ў беларускім урадзе.

«Гэты комплекс робіцца сімвалам доўгатэрміновай і стратэгічнай супрацы паміж нашымі краінамі», – падкрэсліў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын, які ўдзельнічаў у цырымоніі.

Ён адзначыў устойлівыя пазітыўныя працэсы ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, культурнай, гуманітарнай супрацы паміж краінамі. Паводле яго, ключавыя напрамкі ўзаемадзеяння бакі абмяркуюць 25 кастрычніка на перамовах кіраўнікоў дзяржаў.

Адкрыццё амбасады Беларусі ў Казахстане.
Фота: primeminister.kz

Участак для будаўніцтва новых беларускай дыпмісіі ў Нур-Султане быў вылучаны ў траўні 2012 года на ўмовах арэнды на 49 гадоў. Аналагічную тэрыторыю вылучылі Казахстану ў Менску.

Комплекс уключае адміністрацыйны будынак, жылы дом на 10 кватэр і два гасцінічныя нумары, падземны паркінг і рэзідэнцыю амбасадара. Амбасада размешчаная ў «дыпламатычным» квартале, дзе знаходзяцца дыпмісіі ЗША, Паўднёвай Карэі, рэзідэнцыя расейскага амбасадара.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў