У Карэлічах ДАІ праз Лукашэнку выгнала аўтобус з трасы: ён захрас


Аўтобус, як захрас на палявой дарозе. Скрыншот відэа

У Карэліцкім раёне прыезд кіраўніка краіны стаўся прычынаю дарожна-транспартнага здарэння. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал NEXTA.

«У сувязі з візітам «прэзідэнта» ўсе дарогі паблізу льнозаводу былі перакрытыя так, што мыш не праскочыць. І не толькі мыш, але і рэйсавы пасажырскі аўтобус Жухавічы – Карэлічы. Вельмі кемлівыя супрацоўнікі ДАІ адправілі яго ў аб’езд праз лес і поле», – паведамілі каналу мясцовыя жыхары.

Паводле пасажыраў, знайшлі іх толькі праз гадзіну. Супрацоўнікі ДАІ вывезлі людзей у Карэлічы на службовых машынах, а сам аўтобус затым выцягнулі ратавальнікі МНС.

«Мы згубілі дзве гадзіны», – скардзяцца пасажыры.

У Карэліцкім участку філіялу «Аўтобусны парк № 5 гораду Наваградак» Горадняаблаўтатрансу ў размове з карэспандэнтам «Белсату» прызналі, што аўтобус «забуксаваў у аб’ездзе». Паводле суразмоўцы, адставанне ў часе ў выніку склала «хвілін 40».

«Але мы паслалі другі аўтобус. А той – прыехаў МНС, выцягнулі», – заявіў суразмоўца.

Прадстаўнік аўтапарку таксама прызнаў, што аб’езд палявой дарогай быў разавым.

«Зрабілі аб’езд. Палявой дарогай аб’язджаў. Дык тое ж невялікая трагедыя. Такое часта здараецца», – заявіў ён.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, як Мэланія Трамп адрэагавала на ягоны падарунак
2019.09.21 13:11

Кіраўнік Беларусі 20 верасня зрабіў рабочую паездку ў Карэліцкі раён, дзе азнаёміўся з уборачнай і справамі ў вытворчасці і перапрацоўцы лёну ды расказаў пра выбары і свае стасункі з сям’ёй прэзідэнта ЗША.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў