У канфлікце Лукашэнкі з Пашыньянам прайграюць абодва


Цягам мінулага тыдня канфлікт паміж Ерэванам і Менскам не вырашыўся, а пасля візіту ў Менск Ільхама Аліева – толькі паглыбіўся. Цяпер пытанне дэкаратыўнага генсека АДКБ стане для армянскага лідара яшчэ больш прынцыповым. На думку экспертаў, спрэчка Лукашэнкі з Пашыньянам скончыцца, аднак, нічыёй.

Ад пачатку лістападу Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы – без генеральнага сакратара. Арменія адклікала Юрыя Хачатурава пасля таго, як генерал-палкоўніку прад’явілі абвінавачанні па справе разгону мірнай дэманстрацыі з дапамогай войска пасля прэзідэнцкіх выбараў 2008-га, калі на вуліцах Ерэвану загінулі прынамсі дзесяць асобаў.

На саміце ў Астане дзяржавы-чальцы АДКБ не змаглі дамовіцца, хто стане новым кіраўніком. Арменія лічыць, што старшынства працягвае Ерэван: пакуль з трох гадоў, прадугледжаных статутам арганізацыі для кожнага кіраўніка, армяне выкарысталі толькі палову. Беларусь (і Казахстан) заяўляюць, што эстафета пераходзіць Менску. Статут АДКБ не прапісвае, што рабіць у такой сітуацыі.

«Магчыма, там ёсць пэўныя незразумеласці. Але чаму яны павінныя выкарыстоўвацца дзеля шкоды Арменіі, супраць нашай краіны? Чаму? Якая тут логіка?», – пытаецца армянскі палітолаг Эдгар Варданьян.

Магчыма, логіка – у веснавых падзеях, якія прывялі да ўлады Нікола Пашыньяна. Цяпер у клубе дыктатараў з АДКБ армянскі лідар выглядае як белая варона.

Імаверна, ён раздражняе Лукашэнку: беларускі лідар падняў тэму выбараў генсека АДКБ у размове з амбасадарам Азербайджану – краіны, якая не належыць да калектыўнай абароны. І якая каля трыццаці гадоў знаходзіцца з Арменіяй у канфлікце за тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Больш за тое – Беларусь прадае Азербайджану зброю.

«Стрэлы былі і ёсць кожны дзень, і вельмі непрыемна ўсведамляць, што гэтыя стрэлы ў наш бок вядуцца з дапамогай зброі, якую прадае Беларусь», – кажа «Белсату» дэпутат парламенту Арменіі ад фракцыі «Елк» Ален Сіманьян.

Скандал вакол выбару генсека прадэманстраваў, наколькі розныя інтарэсы ў чальцоў арганізацыі.

«Арменія выступае хутчэй як контрагент, які незадаволены стратэгічна важнымі адносінамі для сённяшняга Менску з Азербайджанам», – кажа палітолаг Павел Усаў.

«У краінах былога савецкага блоку, у СНД асабістыя стасункі вызначаюць вельмі шмат. Калі ёсць асабістыя стасункі паміж Аліевым і Лукашэкам – гэтага дастаткова, каб дачыненні развіваліся ў іншых напрамках таксама», – кажа былы былы амбасадар Азербайджану ў Еўразвязе Арыф Мамедаў.

Пашыньяну цяжка канкураваць з Аліевыем (які некалькі гадоў таму, напрыклад, дапамог Лукашэнку матэрыяльна) гэтаксама, як дамаўляцца з кіраўніком Беларусі, але ён наагул не хоча гуляць паводле іх правілаў.

«Сёння Арменія практычна ідзе супраць вырашэння пытанняў на падставе «паняткаў» і настойвае на вырашэнні пытанняў на падставе прававых нормаў, статута, пісаных законаў», – працягвае Эдгар Варданьян.

Цяпер у часткі чальцоў АДКБ дылема: зламаць Пашыньяна ці саступіць яму. З аднаго боку, пяць супраць аднаго маглі б утаймаваць неспакойнага Нікола, але эфект можа выйсці адваротным. Якім – прадэманстравала спроба праціўнікаў Пашыньяна ўнутры краіны ўзяць рэванш. Рэспубліканская партыя пасля крытыкі паводзінаў армянскага лідара страціла сваё апошняе кволае падтрыманне. У сварцы з Менскам уся Арменія – на баку в. а. прэм’ера.

«Ёсць поўная згода, што трэба пакінуць у баку спрэчкі і трэба падтрымліваць Пашыньяна ў гэтым пытанні, бо гэта пытанне прынцыпаў, пытанне нацыянальнай згоды», – дадае Эдгар Варданян.

У менска-ерэванскі канфлікт Расея не ўмешваецца. Эксперты кажуць, што Масква не хоча, каб хтосьці з краінаў АДКБ змог успрыняць сітуацыю як «пстрычку па носе». Цяпер Крамлю трэба і Пашыньяна залагодзіць, і арганізацыю не разваліць. Журналіст Аркадзь Дубноў кажа, што калі нехта з чальцоў АДКБ адчуе сябе прайграўшым бокам, у перспектыве прайграе толькі Пуцін.

«Масква будзе шукаць нейкі кансэнсус, які б не выглядаў зневажальным і абразлівым для Ерэвану, Менску або Астаны», – упэўнены Аркадзь Дубноў.

6 снежня на новым паседжанні ў Санкт-Пецярбургу АДКБ хутчэй за ўсё абярэ кансэнсусам расейца, што прывядзе да нічыёй у менска-ерэванскім канфлікце. Калі нешта пойдзе не так, у Пашыньяна застанецца апошні туз – права вета.

Дзяніс Дзюба; фота – Mikhail Metzel/TASS/Forum

Матэрыял упершыню выйшаў у эфір 23 лістапада у «ПраСвеце з Сяргеем Пелясою»

Стужка навінаў