У Калінкавічах 1-гадовы хлопчык выпаў з чацвёртага паверху і выжыў


Здарэнне адбылося ў доме па вуліцы Шкуркова.

У хлопчыка дыягнаставалі множныя пераломы. Ён быў у рэанімацыі Калінкавіцкага раённага шпіталя, адкуль яго перавялі ў Мазырскі шпіталь. Цяпер яму лепш, распавялі belsat.eu ва ўстанове.

«Яшчэ ў панядзелак яго перавялі ў дзіцячае хірургічнае аддзяленне. Ідзе на папраўку», – пракаментаваў стан здароўя малога галоўны доктар Мазырскага шпіталя Сяргей Ганковіч.

Падрабязнасцяў здарэння праваахоўнікі не раскрываюць. У Калінкавіцкім РАУСе нас папрасілі ператэлефанаваць праз гадзіну, бо цяпер усе моцна занятыя.

БелТА паведамляе, што міліцыя праводзіць праверку, а таксама, што маці падчас інцыдэнту была на кухні.

«Жанчына пакінула дзіця ў ложку каля акна. Малы пералез на падаконнік, адчыніў акно, на якое была нацягнутая маскітная сетка, і выпаў на вуліцу. У іншым пакоі была ягоная старэйшая сястра».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў