У Калінінградзе з’явіцца вуліца Францішка Скарыны


«Гісторыя пад знакам Пагоні» пра Францыска Скарыну

У расейскім горадзе з’явіцца вуліца ў гонар славутага першадрукара.

Пра гэта паведамляе інфармацыйны цэнтр Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Падчас Сёмага з’езду беларусаў свету, які праходзіў у леташнім ліпені ў Менску, з ініцыятывы сяброў Калінінградскага Таварыства беларускай культуры і яго старшыні Ігара Шаховіча быў праняты зварот да мэра Калінінграда Аляксандра Ярашука аб наданні імя Францыска Скарыны адной з вуліц гораду ў гонар пяцісотгадовага юбілею ўсходнеславянскага друку.

Справа ў тым, што нягледзячы на існаванне цэлага шэрагу знакамітых беларусаў, лёс якіх быў звязаны з Караляўцом–Кёнігсбергам–Калінінградам, факт беларускай прысутнасці ў назвах вуліц і населеных пунктаў гэтага рэгіёна ніяк не адзначаны. Ідэя распачаць у Калінінградзе ўшанаванне персонаў беларускага паходжання з Францыска Скарыны выглядае слушнай – у 1530 годзе на запрашэнне герцага Прусіі Альбрэхта Брандэнбурга Скарына працаваў у Кёнігсбергу.

На пасяджэнні тапанімічнай камісіі ў Калінінградзе, якое адбылося ў снежні 2017 года, зварот дэлегатаў Сёмага з’езда беларусаў свету разглядаўся. І Згуртаванне «Бацькаўшчына» атрымала адказ, у якім паведамляецца, што пасля абмеркавання чальцы камісіі прыйшлі да высновы, што з мэтай умацавання культурных і эканамічных сувязяў Беларусі і Калінінградскай вобласці варта надаць у 2018 годзе імя Францыска Скарыны вуліцы ў жылым квартале, які зараз будуецца (раён вуліц Пархоменка і Левітана).

Выснова тапанімічнай камісіі накіраваная да разгляду і зацвярджэння ў гарадскі Савет дэпутатаў Калінінграда. Спадзяемся, што гарсавет ухваліць такі падыход і ў хуткім часе вуліца імя Францыска Скарыны з’явіцца ў Калінінградзе.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў