У Каліфорніі студэнт адкрыў страляніну ў сінагозе


Адна жанчына загінула, яшчэ трое чалавек параненыя ў выніку страляніны ў сінагозе горада Поуэй, размешчанага на поўнач ад Сан-Дыега ў Каліфорніі. У сінагозе святкаваўся апошні дзень габрэйскай пасхі – Песах.

Паліцыя паведаміла пра затрыманне 19-гадовага мужчыны, перадае ВВС. Цяпер вывучаюцца ягоныя пасты ў сацсетках і правяраецца на дакладнасць адкрыты ліст антысеміцкага зместу, апублікаванага раней у інтэрнэце.

Пазней стала вядома імя меркаванага нападніка – Джон Ірнэст. Ён знаходзіўся пад следствам у сувязі з пажарам у мячэці ў суседнім горадзе, які адбыўся ў сакавіку. Пры нападзе на сінагогу ён быў узброены паўаўтаматычнай вінтоўкай тыпу AR-15.

Мэр Поуэя, дзе жыве каля 50 тысяч чалавек, заявіў, што напад, хутчэй за ўсё, быў здзейснены на глебе нянавісці.

Напад адбыўся праз паўгода пасля атакі на сінагогу ў іншым амерыканскім горадзе: 27 кастрычніка 46-гадовы амерыканец Роберт Боуэрс адкрыў агонь у сінагозе «Дрэва жыцця» ў Пітсбургу (штат Пенсільванія). У яго было тры пісталеты Glock 57 і паўаўтаматычная вінтоўка AR-15. Загінулі 11 чалавек, яшчэ шасцёра атрымалі раненні (у тым ліку чацвёра паліцыянтаў). Сам нападнік атрымаў шматлікія раненні і здаўся. Боуэрс публікаваў антысеміцкія пасты ў сацыяльнай сетцы Gab.

КА belsat.eu

Стужка навінаў