У калгасы даслалі разнарадку: «АДРАЗУ тэлефануйце ў райвыканкам і выклікайце міліцыю», калі ўбачыце «Белсат»


У рэдакцыю нашага тэлеканалу даслалі дакумент, які нібыта атрымалі калгасы Светлагорскага раёну. У ім тлумачыцца, як кіраўніцтва і працаўнікі прадпрыемстваў мусяць размаўляць з журналістамі «Белсату».

 

Аўтары рассакрэчанай інструкцыі раяць «не даваць інтэрв’ю» журналістам, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», фрылансэрам, а таксама прадстаўнікам Беларускай асацыяцыі журналістаў. У дакуменце прапаноўваюць рэагаваць наступным чынам: «Прабачце, у мяне шмат вытворчых працэсаў», «Прашу не адцягваць мяне ад працы» і «Зараз выклікаю РАУС».

У крызісныя моманты, калі журналісты «Белсату» не адступаюць, аўтары «алгарытму ўзаемадзеяння працаўнікоў прадпрыемстваў з медыямі» прапаноўваюць тэлефанаваць у райвыканкам кіраўніку аддзелу ідэалагічнай працы Манькевіч Але або намесніку старшыні Светлагорскага райвыканкаму Пятроўскаму Канстанціну, і ў дакуменце падаюцца нумары іхных мабільных тэлефонаў. Прынамсі адзін з іх сапраўды належыць Але Манькевіч.

«Я такіх дакументаў не публікавала і не ведаю, якім чынам мой тэлефон трапіў туды. Можа, гэта нейкая падробка», – кажа ідэолаг Светлагорскага райвыканкаму.

Паводле чыноўніцы, на Светлагоршчыне ніхто не перашкаджае працаваць журналістам. «Калі гэта легітымны СМІ, які зарэгістраванае ў Міністэрстве інфармацыі, то ніхто перашкодаў чыніць не будзе. Адзначу, што часам кіраўніцтва прадпрыемстваў мае права адмовіцца ад каментароў», – дадае Ала Манькевіч.

Паводле Барыса Гарэцкага, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзякуючы такім разнарадкам Беларусь застаецца ў сусветным рэйтынгу свабоды слова на 153-м месцы.

«Такі дакумент з’явіўся ў сеціве ўпершыню, але з падобнымі сітуацыямі журналісты сутыкаюцца вельмі часта. На іх выклікаюць міліцыю, чыноўнікаў, адмаўляюцца даваць каментары – ствараецца татальная атмасфера закрытасці. Але не трэба забываць, што ў 1986 годзе падобная атмасфера закрытасці і прывяла да таго, што пра страшэнную радыяцыйную небяспеку ў грамадстве проста ніхто не ведаў», – кажа Барыс Гарэцкі.

Прадстаўнік БАЖ таксама звяртае ўвагу, што падобнае стаўленне да журналістаў зрабілася ў нашай краіне штодзённасцю.

«Праз колькі дзён у Беларусі стартуюць Еўрапейскія гульні, але ўлады па-ранейшаму паводзяць сябе не па-еўрапейску. Ва ўсім свеце рэдакцыі супрацоўнічаюць з журналістамі ў рэжыме фрылансу, але пытанні да такога фармату ўзнікаюць толькі ў Беларусі. Ва ўладаў Беларусі захоўваецца дыскрымінацыйны падыход да асобных журналістаў, рэдакцыяў і нават журналісцкага аб’яднання. Гэта не справядліва і не законна. Але, на жаль, гэта рэальнасць», – каментуе светлагорскую інструкцыю для супрацы з медыямі Гарэцкі.

Варта адзначыць, што цягам апошніх месяцаў «Белсат» пільна сачыў за развіццём падзеяў вакол светлагорскага цэлюлознага камбінату.

На сумнавядомым кітайскім заводзе ў Светлагорску абваліўся дах

А ў траўні наш тэлеканал звярнуў увагу на небяспечныя ўмовы працы ў светлагорскім аўтапарку № 5.

У светлагорскім аўтапарку вычэрпваюць ваду з агляднай ямы з электраправодкай напругаю 380 В

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары