У Івацэвіцкім райвыканкаме – выбух каронавіруса, памерла працаўніца


Кіроўцам мераюць тэмпературу на ўездзе ў Баранавічы, 25 красавіка 2020 г.
Фота: АШ / «Белсат»

Дзяржаўныя санітарныя дактары ў рэгіёнах катэгарычна адмаўляюцца каментаваць сітуацыю з каронавірусам. Чыноўнікі раяць шукаць інфармацыю на сайце Міністэрства аховы здароўя. Але ведамства не публікуе звестак пра колькасць інфікаваных у вобласцях і рэгіёнах краіны. На Берасцейшчыне ў сувязі з такою сітуацыяй актывісты ініцыявалі калектыўны зварот з патрабаваннем, каб актуальную інфармацыю публікавалі кожны дзень. Выбухі каронавіруса фіксуюцца ў шмат якіх гарадах вобласці.

Каронавірус выявілі практычна ўва ўсіх раёнах Берасцейшчыны. Апошнія звесткі пра захворванні на COVID-19 у вобласці 29 красавіка агучыў галоўны доктар абласной клінічнай больніцы Аляксандр Карпіцкі. Паводле яго, на Берасцейшчыне каронавірус выявілі ў 681 чалавека. Ужо амаль тыдзень новай інфармацыі не даюць. А мясцовыя чыноўнікі і дактары па звесткі пра колькасць захварэлых раяць звяртацца да сайту Міністэрства аховы здароўя. Але рэсурс ведамства не змяшчае інфармацыі па вобласцях. Выпадкі інфікавання асвятляюцца толькі мясцовымі медыямі.

Hавiны
У свеце больш за 3,5 мільёны чалавек заразіліся каронавірусам
2020.05.04 07:34

Успышка каронавірусу ў Драгічыне

Дзяржаўныя мясцовыя газеты паведамляюць пра выпадак інфікавання ў Драгічынскім раёне. Да апошняга часу тут не было захворванняў. Цяпер у гэтым раёне, паводле выдання «Драгiчынскi веснiк», выяўленыя два інфікаваныя каронавірусам.

У Івацэвічах крыніцай інфекцыі стаўся райвыканкам

Пра выбух каронавіруса ў Івацэвічах «Белсату» паведамілі нашыя чытачы. Паводле мясцовых жыхароў, распаўсюдзіў інфекцыю мясцовы райвыканкам. У некалькіх чыноўнікаў выявілі каронавірус. У выніку кантактамі першага ўзроўню сталіся працаўнікі адміністрацыі. Мясцовыя жыхары паведамляюць, што прыбіральніца райвыканкаму памерла ад каронавіруса (belsat.eu мае пацверджанне гэтай інфармацыі з некалькіх не звязаных паміж сабою крыніцаў: жанчына працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі мясцовага райвыканкаму). З просьбаю пракаментаваць гэтае здарэнне ў прыёмнай Івацэвіцкага райвыканкаму карэспандэнта belsat.eu перанакіравалі да намесніка старшыні райвыканкаму па ідэалогіі. Цягам дня ў аддзеле па ідэалогіі ніхто не падымаў слухаўку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Галоўны лекар раённай больніцы пракаментаваў сітуацыю «Белсату», але адмовіўся распавесці колькасць ахвяраў інфекцыі ў рэгіёне.

«Сем пацыентаў у нас вылечыліся ад каронавірусу. Агулам сітуацыя ў нас адносна спакойная. Сёння мы чакаем тэсты, калі яны будуць станоўчыя, то колькасць інфікаваных вырасце. Але колькі пацыентаў з каронавірусам – звяртайцеся на сайт Мінаховы здароўя. Мы гэта не агучваем. Калі я не памыляюся, то больш чым у нас пацыентаў у Баранавічах. Але вядзецца пра хворых на запаленне лёгкіх, якія патэнцыйна могуць быць інфікаваныя каронавірусам. Таму, калі браць гэта пад увагу, то магчыма і болей там хворых. Сярод іншых рэгіёнаў – гэта Лунінец. Пра гэты рэгіён многія пісалі», – распавёў «Белсату» Васіль Юзэфовіч, галоўны лекар Івацэвіцкай раённай больніцы.

Галоўны лекар таксама распавёў, што ў Івацэвічах цяпер дастаткова вольных ложкаў. Агулам у шпіталі, у тым ліку і для кантактаў прадугледжана 129 ложкаў. З іх вольных – 87 ложкаў для пацыентаў як з каронавірусам, так і кантактных. Цяжкіх пацыентаў, якія на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, у Івацэвічах няма, дадаў Васіль Юзэфовіч.

Такім чынам, агулам у Івацэвіцкім раёне, калі з 129 ложкаў для інфікаваных каронавірусам 87 вольныя, то атрымліваецца, што 42 ложкі занятыя інфікаванымі і кантактамі.

Hавiны
Пасля публікацыі пра ўмовы працы медыкаў, звольнілі галоўнага лекара віцебскай больніцы
2020.05.03 15:42

Мясцовыя чыноўнікі адмаўляюцца ад каментароў

У іншых рэгіёнах галоўныя лекары і санітарныя лекары адмаўляюцца ад каментароў.

«Уся інфармацыя пра захворванні размешчаная на сайце Мінаховы здароўя. Я нічога вам не магу пракаментаваць. Мы падрыхтаваныя да інфекцыі», – сказаў «Белсату» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Ляхавіцкага раёну Віталь Ціханаў.

Пры гэтым дзяржаўны санітарны лекар адмовіўся распавесці, ці ёсць выяўленыя выпадкі інфікавання ў Ляхавіцкім раёне.

Падобным чынам завершылася спроба даведацца пра эпідэміялагічную сітуацыю ў Лунінецкім раёне. У мясцовай санстанцыі раяць гэтыя звесткі шукаць на сайце Міністэрства аховы здароўя, рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Але ніводны з гэтых сайтаў не дае інфармацыю пра каронавірус у рэгіёнах.

Раней «Белсат» распавядаў пра тое, што ў раёне ў адзін дзень памерлі пажылыя жыхары з вёскі Ракітна. Цяпер, як паведамляе «Медыя-Палессе», з каронавірусам у шпіталі ўнучка, дачка і сын памерлых.

Hавiны
«Жылі разам і памерлі ў адзін дзень». У вёсках Лунінецкага раёну спадзяюцца, што хварэюць на «звычайнае запаленне лёгкіх»
2020.04.21 16:45

Па стане на 30 красавіка, як паведамляе рэсурс kobrincity.by, у Кобрынскім раёне зарэгістравана 1936 кіроўцаў-міжнароднікаў. 429 з іх знаходзяцца на самаізаляцыі. Але колькасць інфікаваных не агучваецца. Чыноўнікі не агучваюць звесткі і адмаўляюцца ад каментароў.

Дзяржаўныя эпідэміёлагі настойліва заклікаюць жыхароў абмежаваць перамяшчэнне

Падобная сітуацыя ў іншых буйных гарадах – Пінску і Баранавічах.

Вядома, што з малоткавіцкага шпіталя выпісалі сына памерлага пінскага журналіста Васіля Мацквіча. Каронавірус у яго не пацвердзіўся. Юнак цяпер знаходзіцца на хатнім каранціне.

Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

З Пінску ў Берасце ў цяжкім стане перавезлі біскупа Антонія Дзям’янка. Журналіст Андрэй Пачобут у сваім Facebook паведамляе, што афіцыйна біскуп мае праблемы з сэрцам. Але паводле інфармацыі з некалькіх крыніцаў, у Антонія Дзямʼянкі выявілі каронавірус.

Раней незалежныя медыі паведамлялі, што ў Баранавічах ад каронавірусу памерла лекар агульнай практыкі Алена Пашко. Жанчына працавала ў паліклініцы № 3. 54-гадовая Алена памерла ад запалення лёгкіх. Пазней стала вядома, што ў яе выявілі каронавірус.

Hавiны
Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей»
2020.05.04 14:07

Берасцейскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі настойлівае заклікае жыхароў не выязджаць у іншыя рэгіёны і абмежаваць наведванне месцаў масавага збору людзей у сувязі з неспрыяльнай сітуацыяй у справе распаўсюду інфекцыі СОVID-19.

На 4 траўня ў Беларусі зарэгістравана 17 489 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, што складае 8,2 % ад колькасці тэстаў. За содні інфікаваных стала больш яшчэ на 784 чалавекі. Агулам ад пачатку мінулага тыдня (з 27 красавіка) колькасць хворых на каронавірус у Беларусі вырасла на 6200 чалавек.

Hавiны
У Беларусі памерлі ад каронавіруса 103 чалавекі, заразіліся – 17 489
2020.05.04 11:54

СК belsat.eu

Стужка навінаў