У Іспаніі перадухілілі замах на прэм'ер-міністра


Паліцыя Іспаніі затрымала 63-гадовага мужчыну, які планаваў замах на прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса.

Падчас ператрусу ў доме падазраванага выявілі арсенал зброі, піша газета Publico.

Аперацыя прайшла ў горадзе Тэраса непадалёк ад Барсэлоны тры тыдні таму, але яе падрабязнасці сталі вядомыя толькі сёння. Затрыманы працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве і валодаў ліцэнзіяй на нашэнне зброі. Паводле дадзеных следства, ён хацеў адпомсціць кіраўніку ўраду за планы ўладаў правесці эксгумацыю парэшткаў дыктатара Франсіска Франка.

У канцы жніўня ўрад Іспаніі ўхваліў перапахаванне парэшткаў Франка. Цяпер ён пахаваны ў мемарыяльным комплексе Даліна загінулых у ваколіцах Мадрыда. Мемарыял часта выкарыстоўваўся нацыяналістамі для святкавання юбілеяў Франка.

Ініцыятыву перапахаваць дыктатара з самага пачатку падтрымліваў прэм’ер-сацыяліст Пэдра Санчэс. Паводле яго, Іспанія «як спелая еўрапейская дэмакратыя не можа дазволіць сабе сімвалаў, якія падзяляюць іспанцаў». Супраць эксгумацыі выступае правацэнтрысцкая Народная партыя.

Франсіска Франка кіраваў Іспаніяй з 1939 па 1975 год пасля перамогі над рэспубліканцамі ў грамадзянскай вайне. Падчас канфлікту загінулі каля паўмільёна чалавек.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў