У «Ісламскай дзяржаве» наспявае путч палявых камандзіраў. Ці трапяць тэрарысты пад пратэктарат Саудаўскай Аравіі?


Жэнеўскія мірныя перамовы наконт Сірыі сарваныя, але Мюнхенскія далі надзею. У гэты час Асад, «Хізбула», Іран і Расея разгарнулі шырокую атаку на сталіцу паўстанцаў. У экспертаў – дэжа-вю: яны бачылі гэта год таму. Жэнева – гэта Менск, Алепа – гэта Дэбальцава. Перамовы – перамовамі, а пакуль вайна – «паводле раскладу».

Вітальд Рэпэтовіч, публіцыст парталу Defence24.pl, які некалькі разоў быў у Сірыі падчас вайны, распавёў у эфіры праграмы «Прасвет» пра новы этап блізкаўсходняга канфлікту.

– Расейская кампанія ў Сірыі, ці можна яе назваць другой вайной Пуціна?

– Я з гэтым не згодны. Нельга параўноўваць вайну ва Украіне з вайсковай аперацыяй у Сірыі. Такое параўнанне можа паспрыяць палітыцы Пуціна. Бо ў будучых перамовах па Сірыі ён зможа выкарыстаць гэтую сітуацыю і пачне патрабаваць саступак у сувязі з Украінаю. Больш за тое, нельга параўнаць тых, з кім змагаецца Расея ў Сірыі, і тых, з кім яна змагаецца ва Украіне. На Данбасе Расея змагаецца з украінскай дзяржавай, а ў Сірыі з джыхадыстамі. І гэта не толькі «Ісламская дзяржава», «Аль-Каіда». Ёсць іншыя групоўкі джыхадыстаў, якія змагаюцца не толькі з Башарам аль-Асадам ды Расеяй, але і з сірыйскім дэмакратычнымі сіламі. У апошнія дні ў паўночным Алепа адбываліся баі не з урадавымі войскамі, а з курдскімі сіламі. Варта памятаць, што іх падтрымлівае Турцыя і Саудаўская Аравія. Гэтыя групоўкі атакуюць мясцовых курдаў, у якіх з аднаго боку варожая – Турцыя, а з другога – джыхадысты.

– Чаму менавіта Алепа?

– Правінцыя Алепа – гэта 5 млн жыхароў. Сам горад Алепа нягледзячы на вайну, дагэтуль не страціў сваіх эканамічных пазіцыяў. Калі я быў у Сірыі, то мне распавядалі, што транспартавыя сувязі Алепа з іншымі рэгіёнамі ўсцяж функцыянуюць. Алепа – гэта стратэгічнае становішча, кантроль над гэтым рэгіёнам дазволіць адрэзаць паўстанцаў ад Турцыі. Правінцыя Алепа – гэта Сірыя «ў пігулцы». Там жывуць: хрысціяне, суніты, аляўіты, курды – усе бакі сірыйскай грамадзянскай вайны.

– На гэтым тыдні Саудаўская Аравія заявіла пра магчымы ўдзел у наземнай аперацыі ў Сірыі. Наколькі гэта імаверна?

– З аднаго боку, гэта гучыць крыху абсурдна, бо нягледзячы на добрае ўзбраенне Саудаўская Аравія прайграе вайну з партызанамі хуці (інакш: хусіты, «партызаны Бога» – ваенізаваная групоўка шыітаў – заўв. belsat.eu) ў Емене. Вайсковая аперацыя ў гэтай краіне цягнецца ўжо год, а планавалася, што гэта зойме два месяцы. Для Саудаўскай Аравіі абсалютна бессэнсоўна адкрываць другі фронт у Сірыі, у той момант, калі яна загразла ў вайне ў Емене. Відаць, гэтая заява Саудаўскай Аравіі мае нейкі падтэкст.

Кіраўнікі «Ісламскай дзяржавы» павінны ўсведамляць, што яны практычна прайгралі вайну ў Іраку і здаюць пазіцыі ў Сірыі. Пад іх кантролем застаецца Ракка, Пальміра і цяпер у іх зямля гарыць пад нагамі. Я амаль упэўнены, што «Ісламскую дзяржаву» фінансуюць пэўныя колы з Саудаўскай Аравіі. У звязку з гэтым можна сабе ўявіць сітуацыю, калі ў «Ісламскай дзяржаве» адбудзецца пераварот. Палявыя камандзіры гэтай тэрарыстычнай арганізацыі пяройдуць пад пратэктарат Саудаўскай Аравіі. Праўда, не вядома, ці абмеркавала Саудаўская Аравія такі сцэнар з Расеяй.

Чытайце таксама >>> Міністр замежных спраў Саудаўскай Аравіі: «Я лічу, што Башар аль-Асад слабы, і веру, што яму прыйшоў канец»

– Ці магчыма спыненне агню пасля Мюнхенскіх перамоваў па Сірыі?

– Ёсць імавернасць, што сусветныя супердзяржавы, якія абмяркоўвалі шляхі выйсця з гэтага канфлікту пастанавілі стварыць адмысловую суніцкую дзяржаву, Курдыстан пад амерыканскім пратэктаратам, а рэшту пакінуць пад кантролем Асада пад расейскім пратэктаратам. Цяжка прагназаваць канец вайны, калі ў працэсе перамоваў не ўдзельнічаюць усе ўдзельнікі гэтага канфлікту, напрыклад, курды.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў