У Іране трэці дзень ідуць пратэсты, выкліканыя разгулам карупцыі і падзеннем узроўню жыцця


Іранскі Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі папярэдзіў тых, хто ўдзельнічае ў антыўрадавых дэманстрацыях, што калі хваляванні не спыняцца, іх чакае «жалезны кулак».

Некаторыя з дэманстрацыяў, якія адбываюцца ў краіне ўжо трэці дзень, суправаджаліся гвалтам, паведамляецца аб двух загінулых.

Камандзір Корпуса Вартавых заявіў, што дэманстрацыі ператварыліся ў распяванне палітычных лозунгаў і падпальванне прыватнай уласнасці.

Цяперашнія пратэсты – самае сур’ёзнае выражэнне незадаволенасці з моманту шырокамаштабных мітынгаў, якія прайшлі ў 2009 годзе, на якіх людзі патрабавалі неадкладных рэформаў. У гарадах Харэмабад, Зенджан, Ахваз людзі заклікалі да адстаўкі або нават смерці вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі.

Генерал-маёр Эсмаіл Каўсары сказаў у інтэрвʼю агенцтву ISNA:

«Калі людзі выйшлі на вуліцы з-за высокіх коштаў, яны не павінныя выкрыкваць падобныя лозунгі і паліць грамадскую ўласнасць і аўты».

Таксама ў суботу, у восьмую гадавіну разгону пратэстаў 2009 года, тысячы людзей выйшлі на дэманстрацыю ў падтрымку ўладаў.

Як пачаліся пратэсты

Дэманстрацыі пачаліся ў мінулы чацвер на паўночным усходзе краіны ў горадзе Мешхед, адкуль у пятніцу распаўсюдзіліся па іншых буйных гарадах Ірану.

У сталіцы Тэгеране маленькая дэманстрацыя, якая праходзіла ў суботу, раптам вырасла да некалькіх тысячаў чалавек, калі да натоўпу далучыліся студэнты, якія ўступілі пасля ў сутыкненне з паліцыяй.

Як развіваюцца падзеі

  • Паведамляецца, што дзве асобы загінулі ў горадзе Доруд, па ўсёй бачнасці, ад агнястрэльных раненняў
  • У горадзе Абхар дэманстранты падпалілі сцягі з выявай вярхоўнага лідэра Ірана
  • У горадзе Эрак пратэстоўцы падпалілі будынак, дзе размяшчаецца мясцовае аддзяленне праўладнай напаўвайсковай арганізацыі «Басідж»
  • У Мешхеде дэманстранты ўступілі ў сутыкненне з паліцыяй і спалілі паліцэйскія матацыклы, што трапіла на відэазапісы
  • Выканаўчы дырэктар «Telegram» заявіў, што дзеянне месэнджара ў Іране прыпыненае з-за заклікаў да нападаў на паліцыянтаў
  • Ёсць таксама паведамленні, што шмат у каго ў Іране знік доступ да інтэрнэту на мабільных прыладах.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian, фотаздымак EPA

Стужка навінаў