У інтэрнэце збіраюць подпісы супраць перафарбавання «Чырвонага дворыку»


Так званы менскі Чырвоны дворык, дзе перасякаюцца вуліцы Рэвалюцыйная і Камсамольская, збіраюцца перафарбаваць у ружовы колер. Прадстаўнікі ўладаў пры гэтым не могуць патлумачыць, навошта гэта робіцца і хто наогул адказны за рамонтныя працы.

Першай пра гэта 27 жніўня на сваёй старонцы ў «Facebook» паведаміла ўладальніца мясцовага бара «Сіняя Каза» Ксенія Фёдарава.

Печальные новости из Красного ДворикаСкоро он станет РОЗОВЫМ Или цвета OXIDROT 10 S3 ?‍♀️?‍♀️?‍♀️?‍♀️(Утверждено Минкультом и Спадчыной со слов подрядчиков)Фоткайтесь, пока есть время

Opublikowany przez Ксения Фёдорова Wtorek, 27 sierpnia 2019

На наступны дзень на сайце petitions.by з’явілася петыцыя супраць перафарбавання дворыка.

«Няўжо чырвоная фарба настолькі даражэй, што на яе недастаткова сродкаў або гэта проста наплявацельскае стаўленне да такога ўнікальнага і атмасфернага месца ў гістарычным цэнтры сталіцы?» – адзначаецца ў тэксце петыцыі.

Петыцыя мусіць быць накіраваная ў Адміністрацыю Цэнтральнага раёну Менску, КУП «Менская спадчына» і Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.

Між тым, дагэтуль незразумела, хто адказны за рамонтныя працы ў «Чырвоным дворыку». У адміністрацыі Цэнтральнага раёну belsat.eu прапанавалі звярнуцца ў «Менскую спадчыну», што займаецца рэстаўрацыяй аб’ектаў камунальнай уласнасці ў кварталах гістарычнай забудовы. Аднак на прадпрыемстве заявілі, што «Чырвоны дворык» – гэта не іх абʼект. «У гэтага будынку свае ўласнікі. Там 8 або 9 чалавек уласнікаў», – адзначылі ў «Менскай спадчыне».

Начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Юрый Цаба таксама быў упэўнены, што «Чырвоным дворыкам» займаецца «Менская спадчына». Калі высветлілася, што гэта не так, то пракаментаваць сітуацыю чыноўнік не змог і папрасіў звярнуцца да яго пазней.

«Я пакуль не маю падрабязнай інфармацыі і таму пракаментаваць не можам. Мы (адміністрацыя Цэнтральнага раёну – заўв. belsat.eu) асабіста не фарбуем, але мы ў курсе сітуацыі», – дадаў Юрый Цаба ў размове з belsat.eu.

«Чырвоны дворык» – гэта адзіны ў Менску двор-калодзеж, папулярная сярод менчукоў славутасць гораду.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў