Поўную суму грошай для набыцця трох кіслародных канцэнтратараў для віцебскага шпіталя хуткай дапамогі сабралі за суткі. Арганізатары вырашылі не спыняць кампанію, а дапамагчы яшчэ адной больніцы.
Каманда краўдфандынгавай платформы «Ulej.by» абвесціла ў аўторак збор Br 9400 для набыцця віцебскаму шпіталю хуткай дапамогі трох кіслародных канцэнтратараў – бюджэтных аналагаў апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
«Мы пагутарылі з лекарамі больніцаў і высветлілі, што крытычным з’яўляецца колькасць і даступнасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кіслародны канцэнтратар – аналагічны, толькі спрошчаны апарат, які дапамагае дыхаць чалавеку, у якога ёсць з гэтым складанасці. Апарат забірае навакольны паветра, фільтруе яго і адсейвае малекулы азоту. У сумесі, якая атрымліваецца, 90 % кіслароду. У вільготным і цёплым выглядзе яе падаюць у дыхальную маску, – тлумачыць каманда сайту. – Мэта – закупіць тры кіслародныя канцэнтратары, кошт кожнага – каля Br 1800, а таксама сродкі індывідуальнай аховы для медычных працаўнікоў».
Паводле арганізатараў, усю суму перавядуць Віцебскай гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі, дзе сітуацыя з хворымі на Covid-19 становіцца усё больш сур’ёзнай з кожным днём.
«У дамове з больніцай мы пазначым мэту пераводу спонсарскай дапамогі, каб дакладна ведаць, на што выдаткуюць гэтыя грошы, – пішуць арганізатары. – Гэтыя апараты змогуць працаваць у шпіталі і выкарыстоўвацца на карысць пацыентаў не толькі цяпер, падчас складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, але і пасля, калі ўсё скончыцца».
Менш, чымся праз суткі праект падтрымалі амаль 450 чалавек, якія сабралі больш за Br 12 200 – то бок, 130 % неабходнай сумы.
Арганізатары вырашылі не спыняць кампанію, а абвесцілі новую мэту.
«Усю суму, сабраную звыш 100 %, мы перадамо Віцебскім абласным клінічным спецыялізаванаму цэнтру (Віцебскай чыгуначнай больніца)», – дадалі ініцыятары акцыі.
Паўдзельнічаць у краўдфандынгу можна ўзамен за рэцэпты аўтарскіх страваў, паштоўку або кнігу ад чальцоў каманды сайту, або проста так.
ДД belsat.eu