У інтэрнэце збіраюць грошы на калькулятары для Мінздароўя


Краўдфандынгам пад іранічнай назвай аўтар хоча прыцягнуць увагу да няпоўнай празрыстасці асвятлення Міністэрствам аховы здароўя эпідэміі каронавіруса. На сабраныя грошы арганізатар збіраецца набыць ахоўныя сродкі для лекараў.

На платформе збору сродкаў для вырашэння праблемаў «MolaMola» з’явілася прапанова набыць калькулятары ў Міністэрства аховы здароўя.

«Ва ўмовах сусветнай пандэміі і адсутнасці каранціну ў Беларусі Міністэрству аховы здароўя даводзіцца невыносна складана падчас падлікаў хворых на COVID-19. Звесткі, якія публікуе міністэрства, часам выглядаюць як рэбус, а часам і зусім не сыходзяцца з мінулым днём», – гаворыцца ў апісанні кампаніі.

Паводле ініцыятара кампаніі, усе атрыманыя грошы перададуць у праект «ByCovid19.com» на набыццё ахоўных сродкаў для беларускіх медыкаў.

Паведамленні прэс-службы Мінздароўя журналісты сталі называць рэбусамі сталі пасля таго, як журналісты, каб даведацца колькі агулам людзей заразіліся каронавірусам, былі вымушаныя складаць колькасць хворых, здаровых і тых, хто знаходзіцца пад наглядам.

Вось як выглядае сённяшняе паведамленне міністэрства ў «Тэлеграме»:

Гэтак, міністэрства не паведамляе пра колькасць кантактаў з носьбітамі вірусу, а таксама лічбу тых, хто лечыцца ад каронавіруса ўдома.

У сакавіку Мінздароўя перастала ўказваць лакацыі, дзе фіксуюцца заражэнні, хаця статыстыка па іншых захворваннях сістэматычна публікуецца на сайце Белстату.

Пасля брыфінгу міністра Уладзіміра Караніка 17 красавіка ў журналістаў пачалі падазраваць, што ведамства зусім заніжае звесткі пра колькасць тых, хто захварэў. Падчас сустрэчы з прэсай Каранік заявіў, што ў Докшыцах – 20 пацыентаў з лабараторна пацверджанай каронавіруснай інфекцыяй, у Бешанковічах – 7, у Лёзне – 8.

Хаця за некалькі гадзінаў да гэтага начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі заявіў, што ў Докшыцкім раёне зафіксаваныя 72 выпадкі каронавіруса, Бешанковіцкім – 27, Лёзненскім – 22.

Магчыма, інфармацыя з вобласцяў сумуецца міністэрствам праз некалькі дзён. «Наша Ніва» паспрабавала ўдакладніць гэта ў міністра падчас брыфінгу, але не атрымала такой магчымасці.

Пазней ведамства патлумачыла, што 20 пацыентаў з Докшыц – гэта тыя, «хто праходзіць лячэнне з нагоды пнеўманіі, якая развілася на фоне каронавіруснай інфекцыі», а 72 – «агульная колькасць зарэгістраваных пацыентаў пасля правядзення тэсту на COVID-19».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў