У інтэрнэце запусцілі сайт у падтрымку антыфашыста Іллі Валавіка


Сябры асуджанага па так званай «справе антыфашыстаў» Іллі Валавіка заклікаюць дапамагчы сям’е вязня, якая знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы.

Сябры Валавіка паведамляюць, што вязень мае праблемы са здароўем, а ў калоніі на яго аказваецца ціск. Акрамя таго, цягам апошняга года ён страціў бацьку і бабулю, з якімі яму не далі развітацца.

«Ілля вельмі перажывае, што не меў і не мае магчымасці развітацца з блізкімі людзьмі, – распавядае сяброўка вязня Марына Насенка, – Іллі выпісваюць антыдэпрэсанты. Яму трэба рабіць УЗІ нырак, бо ў нырках камень аксалат, які яе разбурае. Далей вядома трэба лекаванне. Лісты ягоныя не даходзяць, яму лісты таксама не ўсё перадаюць».

Маці, жонка і дачка Валавіка знаходзяцца ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы, маючы даўгі па крэдытах за паслугі адвакатаў. Рэквізіты, по якіх можна пералічыць дапамогу сваякам, можна знайсці на сайце ў падтрымку Валавіка.

У кастрычніку будзе 2,5 гады як Ілля Валавік знаходзіцца за кратамі. Ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №15 у Магілёве.

  • Прысуд па справе антыфашыстаў быў вынесены 10 сакавіка 2017 года. Ключавой фігурант – Ілля Валовік – прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго сябры Філіп Іваноў і Вадзім Бойка – да 4 гадоў калоніі, Дзмітрый Цехановіч – да 6 гадоў пазбаўлення волі.
  • Канфлікт, які стаў падставаю для крымінальнай справы, адбылася ў чэрвені 2014 года. Паводле праваахоўнікаў, фанаты футбольнага клубу «Партызан» (якія звычайна прытрымліваюцца антыфашысцкіх поглядаў) на машынах блакавалі рух тралейбуса, у якім ехалі іх праціўнікі – фанаты менскага «Тарпеда» (некаторыя з якія вядомыя неанацысцкімі поглядамі). Пасля гэтага ініцыятары канфлікту забеглі ў тралейбус, выбілі ў ім шкла, пашкодзілі салон, распылілі слезацечны газ і напалі на «тарпедаўцаў». Была распачатая крымінальная справа па ч. 339 КК «Хуліганства».
  • На судзе большасць пацярпелых адмовіліся ад усялякіх прэтэнзіяў да абвінавачаных. Фігуранты справы заяўлялі пра незаконны ціск на іх з боку сілавікоў падчас следства.
  • Шэраг грамадскіх актывістаў лічаць Іллю Валавіка палітвязням, бо жорсткі прысуд у яго адносінах абумоўлены ягонымі палітычнымі поглядамі. Між тым праваабаронцы афіцыйна не прызналі Валавіка палітвязням.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў