У інтэрнеце з'явілася тэставая старонка базы тэхаглядаў


З кожным годам у Беларусі ўсё больш аўтаўладальнікаў не праходзяць тэхагляду. Некаторыя з іх робяць гэта прынцыпова – не хочуць плаціць дарожнага збору.

Улады даўно думаюць пра тое, як развязаць гэтую праблему, бо ў 2017 годзе больш за палову аўтамабіляў ездзілі без тэхагляду. І хутчэй за ўсё чыноўнікаў больш непакоіць не тое, што машыны ў няспраўным тэхнічным стане, а грошы, якія не атрымлівае бюджэт. Сумы немалыя, улічваючы памеры дарожнага збору. Разгледзім на прыкладзе фізічнай асобы, якая мае легкавы аўтамабіль. Калі аўта важыць менш тоны, то ўладальнік заплаціць Br 73,5, за аўта вагою ад тоны да двух –Br 147, ад двух да трох – Br 196, больш за 3 тоны –Br 269,5.

ДАІ і раней заяўляла, што ім патрэбны доступ да агульнай сістэмы тэхагляду. Праз тое, што тэхаглядамі займаецца «Белтэхагляд», а агульнай базы няма, даішнікам было цяжка дакладна вылічыць ці прайшло аўта агляд. Падаецца, хутка гэтая праблема будзе вырашаная. Да журналістаў парталу «АвтоГродно» трапіла спасылка на тэставую старонку агульнай базы тэхагляду.

Перайшоўшы па спасылцы можна спраўдзіць наяўнасць тэхагляду любога аўтамабіля, зарэгістраванага на тэрыторыі Беларусі, дастаткова толькі ўвесці нумар рэгістрацыйных знакаў і нумар тэхпашпарту. Калі пачне працаваць гэтая сістэма, пакуль невядома.

Але яшчэ ў сакавіку хадзілі размовы пра тое, што на дарогах будуць усталяваныя адмысловыя камеры, якія будуць правяраць не толькі хуткасць, але і наяўнасць тэхагляду. Зразумела, што гэтым камерам будзе патрэбны доступ да агульнай базы.

Таму беларускім аўтаўладальнікам ужо хутка спатрэбіцца рыхтаваць грошы на дарожны збор або на штраф. Канешне, калі ніхто не прыдумае, як абыйсці ўсе гэтыя базы ды камеры.

ГА, belsat.eu

 

Стужка навінаў