У Інтэрнэце прасоўваюць беларускамоўны бізнес: створаны адмысловы каталог


Анлайн-сэрвіс svaje.by збірае ў адным месцы крамы, кавярні і іншыя паслугі па ўсёй Беларусі, дзе беларускамоўным не скажуць «говорите нормально». Сёння на мапе азначаны каля 80 месцаў, амаль кожны дзень дадаюцца новыя, ёсць магчымасць пакідаць водгукі ад карыстальнікаў.

Над сэрвісам працуюць тры асобы. Яны дадаюць у каталог ужо вядомыя месцы, дзе кліентаў абслугоўваюць па-беларуску, а таксама запрашаюць карыстальнікаў удзельнічаць у стварэнні мапы. Бізнесоўцы, якія ўпэўненыя, што могуць абслугоўваць сваіх кліентаў па-беларуску, таксама могуць дасылаць свае заяўкі на ўключэнне ў каталог.

Павал Колас, арганізатар ініцыятывы, паведаміў belsat.eu, што за месяц існавання каталогу яны самі дадалі каля 50 месцаў з беларускамоўным абслугоўваннем, каля 30 – дадаліся самі. У Менску на сённяшні дзень пазначана 35 беларускамоўных бізнесаў, астатнія – у абласных цэнтрах і іншых гарадах.

«Актыўнасць дадання залежыць ад рэкламы, бывае 1 у дзень, бывае 4, бывае 0. Але мы пакуль не рабілі моцнае рэкламнае кампаніі», – кажа Павал Колас. Сайт існуе ў публічным доступе з 8 верасня.

Cкрыншот з сайту svaje.by

Беларуская мова – асноўнае патрабаванне, каб патрапіць у каталог.

«Мы не дадаем абы-каго, існуе працэдура праверкі, бізнес павінен умець мінімальна камунікаваць на беларускай мове. Тэлефануем і правяраем. Іншых крытэрыяў няма. Разам з тым, мы маем сістэму водгукаў для карыстальнікаў, калі бізнес прадастаўляе няякасныя паслугі, ці прадае няякасныя тавары, ці завышае кошты, каб карыстальнікі гэта бачылі і рабілі асэнсаваны выбар», – кажа Павал Колас.

У каталозе ёсць інтэрнэт-крамы, часопісы і выдавецтвы, будаўнічыя паслугі, перакладнікі, вытворцы а таксама гурткі і адукацыйныя курсы.

На сайце svaje.by пазначана, што каталог – гэта «прыватны, непалітычны і непартыйны рэсурс. Наша мэта – выключна прамоцыя беларускамоўных бізнесаў і стварэнне камфортных умоваў жыцця для беларускамоўных спажыўцоў».

Каманда каталогу плануе збіраць не толькі цалкам беларускамоўныя месцы, але і тыя, дзе проста ёсць нехта, напрыклад, адзін афіцыянт, які можа забяспечыць беларускамоўнае абслугоўванне.

«Хочам інфармацыю пра такія месцы збіраць, для карысці беларускамоўнай грамады. Спадзяюся, колькасць будзе толькі павялічвацца, улічваючы попыт грамадства на нацыянальную адметнасць увогуле, і беларускую мову як значны складнік той адметнасці. Здаецца, усім відавочна, што такі попыт апошнія гады расце», – кажа Павал Колас.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў