У Інданезіі разбіўся «Боінг». На борце былі больш за 180 асобаў, у тым ліку трое дзяцей


Лёс пасажыраў пакуль невядомы.

Пасажырскі «Boeing 737» авіякампаніі «Lion Air» упаў у Яванскае мора праз 13 хвілінаў пасля вылету з Джакарты.

Дакладная лічба пацярпелых удакладняецца. Паведамляецца пра 189 чалавек, у тым ліку двух пілотаў і шасцёх бортправаднікоў. Ратавальнікі ўжо выявілі абломкі і асабістыя рэчы пасажыраў, у тым ліку мабільныя тэлефоны.

Сувязь з лайнерам страцілі праз 13 хвілін пасля ўзлёту. Відавочцы бачылі, як самалёт зваліўся ў мора.

Reuters паведамляе, што экіпаж прасіў дазволу ў дыспетчараў вярнуцца ў аэрапорт. Дыспетчары дазволілі вярнуцца, але сувязь была страчаная. Таксама вядома, што ў лайнера былі тэхнічныя праблемы ў папярэднім палёце, але іх ліквідавалі згодна з рэгламентам.

Найбуйнейшая прыватная кампанія Інданезіі «Lion Air» працуе на рынку з 2000 года. Самалёты кампаніі лятаюць як па краіне, так і за мяжу. Гэта першая авіякатастрофа з самалётам гэтай мадыфікацыі, якая выйшла на рэгулярныя рэйсы ў траўні летась.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў