У імя 75-годдзя перамогі ў Горадні спілуюць 22 старыя ліпы?


У Горадні спілуюць 22 старыя ліпы?

«Это вы заткните свой рот своим умом-разумом»У Горадні хочуць спілаваць 22 старыя ліпы на вайсковых могілках.Мясцовыя зладзілі вельмі эмацыйнае абмеркаванне.https://naviny.belsat.eu/news/u-imya-75-goddzya-peramogi-u-goradni-spiluyuts-22-staryya-lipy/

Opublikowany przez Белсат TV Piątek, 13 grudnia 2019

У Горадні прайшло вельмі эмацыйнае абмеркаванне лёсу 22 дрэваў на Вайсковых могілках. Савет ветэранаў ды ЖКГ збіраюцца пілаваць, але мясцовыя жыхары – рашуча супраць.

За дзень да сходу жыхары ўбачылі на сваіх пад’ездах абвесткі, якія заклікаюць сабрацца 12-га снежня а 17.30 на тэрыторыі могілак і абмеркаваць знішчэнне 22-х старых ліпаў. Сапраўды, па перыметры Вайсковых могілак на Белуша ёсць некалькі шматкватэрных дамоў, вокны і балконы якіх выходзяць на тэрыторыю пахаванняў. Самі ж могілкі вядомыя яшчэ з ХІХ ст., тут пахаваныя нямецкія жаўнеры абодвух войнаў, польскія вайскоўцы ды чырвонаармейцы.

Сход праходзіў у нервовай атмасферы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Наперадзе 75-годдзе перамогі савецкага народу…»

Мадэратарам сходу, на які прыйшло каля 40 жыхароў, выступіў Сяргей Сямашка, намеснік гендырэктара Гарадзенскага гарадскога ЖКГ. Сваю прамову ён пачаў з ідэалагічных уводзінаў: «Наперадзе ў нас 75-годдзе перамогі савецкага народу ў Вялікай айчыннай вайне, даніна памяці загінуўшым у гэтых суворых вайсковых буднях…» Людзі перарвалі крыкамі, маўляў, давайце па сутнасці, а гэта ўсё мы і самі ведаем.

«Не лезьце, усё раскажу, паспееце! – чыноўнік спрабуе супакоіць натоўп, – Была праведзеная агромністая праца, збор сродкаў ветэранамі са сваёй пенсіі на абнаўленне вайсковых пахаванняў, якія тут знаходзяцца. Далей былі вылучаныя грошы па рэспубліканскай праграме ўвекавечання памяці і зробленая замена 320 надмагільных плітаў…»

Намеснік гендырэктара Гарадзенскага ЖКГ Сяргей Сямашка. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Няма тут чаго ідэалогію разводзіць!»

Далей Сямашка пераходзіць да лёсу ліпаў: яны знаходзяцца блізка помнікаў і ўяўляюць пагрозу. Як для помнікаў, так і для людзей. Маўляў, падзьме вецер і некаму на галаву сук зваліцца. А яшчэ ўлетку ліпы выдзяляюць сок і смалу, якая падае на помнікі. А пасля дзеці з 11-й школы тыя помнікі чысцяць: «Самі чысцяць, ніхто не прымушае, прыходзяць і шуруюць!» – даводзіць чыноўнік.

Старшыня савету ветэранаў спрачаецца з мясцовай жыхаркай. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мужчына, відаць, мясцовы жыхар, з натоўпу перарывае Сямашку і кажа, што размаўляў з прыбіральшчыцай з САХу. Дзяцей, маўляў, заганяе на могілкі БРСМ, нічога яны не чысцяць і наагул, не трэба тут дзецьмі прыкрывацца.

Старыя ліпы на вайсковых могілках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Няма тут чаго ідэалогію разводзіць! – не спыняецца мужчына, – Узялі векавыя дрэвы – шах! – і абрэзалі. Чаго тут языком часаць? Прызідэнт кажа азеляняць горад, а вы наадварот рубіце! А экалогія? Не адно ці два дрэвы, а 22! Што на Савецкай плошчы было? Закаталі ўсё, панасадзілі пстрычак нейкіх! І хораша! А парк які быў?! Дык тут тое самае будзе! Карлікавыя дубчыкі пасадзіце!»

Дзясяткі мясцовых жыхароў выказаліся супраць спілоўвання дрэваў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Ці можна пераблытаць нумар свайго дому?

Да размовы далучаецца старшыня савету ветэранаў Кастрычніцкага раёну Уладзімір Цюцюнік. Ён распавядае, што замест ліпаў на могілках высадзяць алею бэзу. А яшчэ, маўляў, трэба прыбраць сцежкі, каб людзі лішні раз па могілках не хадзілі. Жыхары сустракаюць словы ветэрана гучнымі заўвагамі, маўляў, бэз тут нядаўна рос, але яго таксама вырубілі, як зараз збіраюцца вырубіць ліпы.

Старшыня савету ветэранаў Кастрычніцкага раёну Уладзімір Цюцюнік. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Невядома адкуль з’яўляюцца дзве бабулькі, якія распавядаюць, што дрэвы ім замінаюць, вельмі цёмна, таму трэба ўвесь дзень мець уключанае святло. Яны за тое, каб спілаваць ліпы. Кажуць, што жывуць у «васьмёрцы» – восьмым доме ля могілак.

– Дык у вас вакол «васьмёркі» даўно ўсё вырубілі!

– Ой, не «васьмёрка», а «дзясятка», я пераблытала…

Людзі пераглядаюцца паміж сабой, маўляў, як можна пераблытаць нумар дому, у якім жывеш? Ніхто гэтых бабулек асабіста не ведае. У хуткім часе жанчыны таямніча знікаюць.

Жыхарка дому насупраць могілак Вольга Валько прыйшла на сход з дзецьмі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Я выйду з мужам, з дзецьмі, з суседзямі…»

«Мы жывем усяго паўтара гады тут, – кажа мясцовая жыхарка Вольга Валько, – Я прыехала з новабудоўляў. Ведаю, што гэта такое, калі няма дрэваў і толькі вецер шугае. Я за памяць і г.д. Хай абгароджваюць пахаванні, каб з сабакамі не хадзілі. Калі трэба дапамагаць прыбірацца – я выйду з мужам, з дзецьмі, з суседзямі, каб дапамагчы. Але я не разумею, у чым праблема з дрэвамі?»

Жыхары ставяць свае прозвішчы і выказваюцца адносна планаў ЖКГ. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Яўген Філімонаў з арганізацыі «Экаманіторынг» таксама прыйшоў на сход. Ён катэгарычна супраць вырубкі зялёных пасадак: «Не бачу, каб дрэвы ўяўлялі аварыйную небяспеку і некаму заміналі. Кожнае дрэва мае сваю карысць. Тым больш, гэты раён павялічваецца за кошт новых дамоў, пашыраецца. Людзей больш, а дрэваў менш – так не павінна быць. Раён трэба азеляняць, але не бэзам, які не настолькі эфектыўны, як дарослыя дрэвы. Дарэчы, з нашым мэрам было падпісанае Пагадненне мэраў па клімату, а выдаленне дрэваў і зялёных пасадак супярэчыць гэтаму прынцыпу. Я спадзяюся, што ўсё абмяжуецца санітарнай абрэзкай».

Сход праходзіў у нервовай атмасферы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Я дрэва, я – хачу жыць!»

Выглядае на тое, што рашучы на самым пачатку Сяргей Сямашка ўсё ж спрабуе залагодзіць канфлікт. Кажа, што ніякіх рашэнняў пакуль не прынята, але трэба было правесці грамадскае абмеркаванне. Пакуль ніхто нічога пілаваць не будзе. Па руках ідуць бланкі з подпісамі, дзе жыхары ўпісваюць свае прозвішчы, адрасы ды ставяць пазнаку «за» ці «супраць» спілоўвання 22-х ліпаў.

«Калі большасць тут прысутных супраць, то ніхто не зробіць насуперак, – прамаўляе Сямашка, – Ніхто падрабляць подпісы не будзе! Усё адно ўсё будзе надрукавана, паказаныя гэтыя пратаколы. Сёння мы наўпрост абмяркоўваем пад пратакол…»

Жыхары ставяць свае прозвішчы і выказваюцца адносна планаў ЖКГ. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Жыхары ставяць подпісы, але да канца не вераць. Відавочная большасць людзей супраць выдалення дрэваў, але калі чыноўнікі не паслухаюцца, то гатовыя дабівацца праўды надалей: збіраць подпісы ды вывешваць на дрэвах ужо падрыхтаваныя шыльдачкі: «Я дрэва, я – хачу жыць!»

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў