У хуткай дапамозе Берасця не знайшлі ніводнай машыны для працы на мітынгу ІП


Берасцейскія прадпрымальнікі не спыняюць спробаў атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу, а ўлады прыдумляюць усё новыя і новыя прычыны, каб забараніць акцыю.

Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне 19 лютага мітынгу, паколькі ў яго арганізатараў не было дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнікамі. Але прадпрымальнікі не здаліся і зрабілі яшчэ адну спробу правесці акцыю – на гэты раз 4 сакавіка. Лідары прадпрымальнікаў адправіліся да кіраўніцтва хуткай дапамогі, каб заключыць дамову на працу брыгады хуткай дапамогі на мітынгу, але атрымалі адмову. За подпісам загадчыцы філіялу «Станцыі хуткай медычнай дапамогі» Валянціны Пашкевіч прыйшоў адказ: вылучыць брыгаду хуткай дапамогі для абслугоўвання масавага мерапрыемства немагчыма. І тлумачыцца прычына: «у сувязі з павышэннем сезонных захворванняў і павелічэннем выклікаў хуткай дапамогі».

Хутчэй за ўсё, гэта азначае толькі адно: раз няма дамовы з хуткай дапамогай, значыць гарвыканкам забароніць мітынг.

«Відавочна, улады шукаюць надуманыя прычыны, каб не дазволіць прадпрымальнікам сабрацца, і парушаюць законныя правы грамадзянаў. Мы ўжо звярнуліся да ўладаў гораду і вобласці, каб яны патлумачылі чаму з намі не заключылі дамову. Гэтак жа я вывучыў рашэння гарвыканкаму і, згодна з ім, арганізатары масавага мерапрыемства могуць заключыць дамову на аказанне паслугі з іншым асобамі, якія маюць ліцэнзію на такі від дзейнасці», – кажа адзін з лідараў берасцейскіх прадпрымальнікаў Андрэй Карняйчук

Сёння ён афіцыйна звярнуўся ў гарвыканкам, каб чыноўнікі прадставілі спіс арганізацыяў, што маюць ліцэнзію на аказанне медычных паслугаў.

Прадпрымальнікі дамагаюцца скасавання ўказаў № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», які ўступіў у сілу 1 студзеня 2016 года. Таксама патрабуюць адмовы ўказу № 48 «Аб мерах па забеспячэнню дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Гэтыя дакументы, як сцвярджаюць прадстаўнікі дробнага бізнесу, паралізавалі іх працу. Улады на саступкі пакуль не ідуць.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў