У гульца хакейнай каманды Лукашэнкі знайшлі каронавірус


Дзмітрый Мялешка побач з Аляксандрам Лукашэнкам на хакейным турніры.
Фота: president.gov.by

У аднаго з гульцоў хакейнай каманды кіраўніка Беларусі тэст на каронавірус аказаўся станоўчым. Адпаведны дакумент апублікаваў блогер NEXTA.

У дакуменце не паведамляецца прозвішча хакеіста, але, паводле блогера, гаворка ідзе пра вядомага хакеіста Дзмітрыя Мялешкі.

Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-сакратарка кіраўніка краіны Наталля Эйсмант.

Сам хакеіст у каментары TUT.by заявіў, што хоць і здаваў тэст на COVID-19, але вынікаў пакуль не мае. Паводле яго, у яго лёгкая прастуда, але з прычыны хваробы жонкі ён вырашыў «усе рызыкі звесці да нуля».

Hавiны
Ультрагук не дапамог. У папулярнай беларускай блогеркі выявілі рак
2020.02.27 17:30

Нагадаем, што ў жонкі Дзмітрыя Мялешкі напачатку году была выяўленая анкалогія. Яна праходзіць лекаванне ў Бараўлянах.

«Муж захварэў і жыве пакуль асобна, каб мяне не заразіць, усё-ткі пасля хіміі імунітэт зусім слабы, небяспечна рызыкаваць», – паведаміла Надзея Мялешка ў Instagram.

Дзмітрый Мялешка завершыў прафесійную кар’еру ў 2017 годзе. Дагэтуль ён гуляў за менскае «Дынама» і нацыянальную зборную. У аматарскіх турнірах ён зараз гуляе за каманду Аляксандра Лукашэнкі.

Апошні хакейны турнір сярод аматараў на прызы «Прэзідэнцкага спартовага клуба» завершыўся 11 красавіка, каманда Лукашэнкі ў чарговы раз перамагла. У фінальнай гульні прымаў удзел у тым ліку кіраўнік дзяржавы.

Тэлеграм-канал NEXTA таксама апублікаваў спіс гульцоў хакейнай каманды Лукашэнкі, якія знаходзіліся ў кантакце з Мялешкам і могуць лічыцца кантактамі 1-га ўзроўню.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў