У Горадню прывезлі часцінку цярновага вянца Хрыста


Бліжэйшы месяц святыня будзе ў Раства-Багародзічным жаночым манастыры.

Больш за сотню гарадзенцаў прыйшло сустрэць святыню, якую везлі на звычайным аўто без аховы і без суправаджэння з Менску. Адразу па прыбыцці іконы вернікі прайшлі хросным ходам вакол будынку манастыра, пасля чаго адбылася ўрачыстая літургія.

«Прыбыццё такой святыні – гэта любоў і благадаць Божая, – распавядае прыхаджанка храму Наталля, – Перад гэтай іконай я хацела б папрасіць прабачэння за ўсе мае вольныя і міжвольныя грахі. Ну, і збаўлення для ўсяго свету: каб быў мір ва ўсім свеце, як моляцца нашыя святары!»

Часціца цярновага вянца з’яўляецца важнай святыняй у хрысціянскім свеце і захоўваецца ў саборы Парыжскай Божай Маці. Рэліквія вандравала: спачатку з Іерусаліма ў Канстанцінопаль, пасля ў Парыж. У ХІІІ ст. для яе пабудавалі адмысловую капліцу Сэн-Шапэль, але неўзабаве перанеслі ў Нотр-Дам-дэ-Пары.

Цярновы вянок, паводле царкоўнага падання, разам з крыжам, цвікамі і кап’ём легіянера, з’яўляецца адной з прыладаў пакутаў Ісуса Хрыста.

Пакланіцца рэліквіі можна будзе штодня з 7.30 да 19.30 на працягу больш як месяца. 27 красавіка ікона працягне сваё падарожжа: спачатку ў мужчынскі манастыр у Жыровічах, пазней – у Маскву.

Стужка навінаў