У Горадні знайшлі габрэйскі скарб часоў Другой сусветнай


Знойдзены скарб

Падчас будаўнічых працаў у доме № 3 на вуліцы 2-й Працоўнай на паддашшы знайшлі схаваную скрыначку ад тытуню.

У ёй знаходзіліся ўпрыгожанні, манеты, у тым ліку старадаўнія, каронкі ды некалькі кавалкаў паперы, паведамляе «Hrodna.life».

Верагодна, каштоўнасці схавалі габрэі перад ліквідацыяй гета.

Скарб знайшоў будаўнік Уладзімір Страковіч. Ён распавёў, як усё было:

«Я здымаў маўэрлат [элемент сістэмы даху – рэд]. Калі ўздымаў пэўныя часткі, то ўбачыў скрынку. Спачатку не надаў ёй значэння, а пасля прыгледзеўся і адкрыў. А там золата: розныя манеты, ланцужкі, пярсцёнкі і іншае. Я быў у шоку».

Начальства выклікала прадстаўнікоў гісторыка-археалагічнага музею і міліцыю. Паводле першых ацэнак супрацоўнікаў музею, знойдзены скарб з’яўляецца каштоўным. Верагодней за ўсё, яго схавалі гарадзенскія габрэі падчас нямецкай акупацыі 1941−1943 гг.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў