Франтавыя малюнкі Васіля Быкава знайшлі Горадні


У Горадні знайшлі арыгінальныя копіі франтавых малюнкаў Васіля Быкава, на якіх выяўленыя аднапалчане і падзеі 1943–1945 гадоў. Яны захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гарадзенскага журналіста і ветэрана вайны, піша hrodna.life.

«Гэта здаецца неверагодным, але ў Горадні знойдзены франтавыя малюнкі Васіля Быкава, дакладней – арыгінальныя копіі малюнкаў 1943-1945 гг», – напісаў у сваім Фэйсбуку біёграф Быкава Сяргей Шапран.

Да гэтага лічылася, што арыгіналы франтавых накідаў пісьменніка згарэлі пад канец вайны разам з рэчмехам. Знойдзеныя ў Горадні малюнкі – гэта арыгінальныя копіі чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў.

Накіды, зробленыя, меркавана, рукой Быкава, выявіў у хатнім архіве Івана Глухава протаіерэй Андрэй Яварэц з гарадзенскай Уладзімірскай царквы. З сынам Глухава Валянцінам Іванавічам айца Андрэя пазнаёмілі парафіяне.

 

Малюнкі Быкава. Крыніца – hrodna.life

Іван Акімавіч Глухаў, ужо нябожчык, быў чальцом Саюза журналістаў, земляком Быкава. Яны пазнаёміліся ў 1957 годзе ў рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». Іван Глухаў чытаў лекцыі для вайскоўцаў пра жыццё і творчасць Быкава, у тым ліку і пра яго талент як мастака. Можна меркаваць, што ён прасіў у пісьменніка копіі франтавых малюнкаў. Прынамсі, Быкаў пісаў Глухаву ў 1979 годзе з гэтай ці іншай нагоды: «Дарагі Іван Акімавіч, выконваю Вашу просьбу».

У архіве Глухава захаваўся запіс пра Быкава: «Ён маляваў на лістку невялікага кавалачка паперы алоўкам, рыскамі рабіў тонкія вострыя малюнкі, якія, па сутнасці, былі яго другой запісной кніжкай. Вось некаторыя малюнкі Васіля Быкава, якія ён зрабіў на фронце… ».

На абароце знойдзеных у Горадні малюнкаў – подпісы, зробленыя следам за пісьменнікам: «Камбат 2. Старэйшы лейтэнант Ахрын. 1945 г».; «Камандзір гарматы старэйшы сяржант Прастакоў. Таксама рэальная асоба з гарматнага разліку. 1943 г»., «У раўчуку Сокале. Тут адлюстраваны сюжэт з 4-х асоб: дзяжурны ля гарматнага разліку; у дазоры; не спіць; баец адпачывае. 1944 г».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў