У Горадні затрымалі лідскага блогера Дзяніса Рудзевіча


Пасля суда над гарадзенскім актывістам Ежы Грыгенчам міліцыянты ў цывільным затрымалі лідскага блогера Дзяніса Рудзевіча – адміністратара тэлеграм-каналу «Лида для жизни». Прыяцелі Дзяніса прычынаю называюць стрым, які блогер вёў 19 чэрвеня з акцыі салідарнасці з палітзняволенымі ў Горадні.

Дзяніс Рудзевіч.
Фота: baj.by

Стрыміў на замежнае СМІ YouTube

19 чэрвеня ў Горадні з акцыі салідарнасці з палітзняволенымі Дзяніс Рудзевіч вёў стрым на Тэлеграм-канале «Лида для жизни». Падчас стрыму да блогера падбеглі некалькі міліцыянтаў, схапілі яго, кінулі ў аўтамабіль і завезлі ў РАУС. Падчас затрымання быў разбіты тэлефон блогера. У РАУСе на Рудзевіча склалі пратакол па 22.9 КаАП, Ч. 2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і адпусцілі. Тэхніку абяцалі вярнуць пасля экспертызы. Раней блогер паведамляў, што міліцыянты палічылі відэахостынг YouTube замежным СМІ без акрэдытацыі.

Сёння, 13 ліпеня, пасля суда над гарадзенскім актывістам Ежы Грыгенчам Дзяніса Рудзевіча затрымалі міліцыянты ў цывільным. Прычына – той жа стрым за 19 чэрвеня.

Дзе зараз знаходзіцца блогер?

Ад знаёмых стала вядома, што на Дзяніса склалі новы пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства). Папярэдняя адміністратыўная справа была спынена. Але дзе зараз сам блогер – невядома.

«Невядома і няма магчымасці даведацца. З родных у яго толькі бабуля, і тая ў Лідзе знаходзіцца. У яго не было дакументаў [з сабою. – Belsat.eu], могуць пратрымаць 72 гадзіны для ўстанаўлення асобы», – кажа Юлія, знаёмая блогера.

Па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства) Дзянісу могуць прысудзіць ад штрафу да 15 содняў адміністратыўнага арышту. Як стала пазней вядома Belsat.eu, блогер зараз знаходзіцца ў ІЧУ, на 14 ліпеня прызначаны суд.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў